Вопыт маладым

0
152

З мэтай аказання практычнай дапамогі маладым педагогам ва ўдасканаленні і павышэнні педагагічнага майстэрства, у снежні ў рамках раённай Школы маладога настаўніка прайшоў Метадычны тыдзень “Вопытныя педагогі – маладому настаўніку”.

У ім прынялі ўдзел педагогі першага-другога гадоў працы Капцэвіцкай, Навасёлкаўскай, Пціцкай сярэдняй школы, сярэдніх школ №1 і №2 г.Петрыкава.
Маладыя педагогі ў рамках Метадычнага тыдня змаглі наведаць адкрытыя навучальныя і факультатыўныя заняткі, папрысутнічаць на пазакласных мерапрыемствах, класных гадзінах, атрымаць кансультацыі вопытных педагогаў, зрабіць аналіз навучальных заняткаў з дапамогай вопытных калег.
Самым актыўным удзельнікам у арганізацыі Метадычнага тыдня для маладых педагогаў стала ДУА “СШ №2 г.Петрыкава”. У рамках тыдня ва ўстанове адукацыі прайшлі два адкрытыя ўрокі, на якіх вопытныя настаўнікі падзяліліся сваім майстэрствам і прафесіяналізмам з маладымі педагогамі, прадставілі розныя прыёмы, формы і метады правя-дзення навучальных заняткаў.

Так, Вольга Казлова, настаўнік англійскай мовы, правяла ўрок у 9 “А” класе па тэме “Маладзёжная мода”, а настаўнік хіміі і біялогіі, Наталля Несцярчук, правяла вучэбны занятак у 8 “А” класе “Узаемасувязь паміж асноўнымі класамі неарганічных злучэнняў”.

Вопыт маладым
Цікавымі былі і ўрокі матэматыкі і англійскай мовы ў вопытных педагогаў Тамары Галіцкай, Таццяны Луцэнка.

Урок літаратурнага чытання ў 1 класе прапанавала маладым спецыялістам ДУА “Ляскавіцкая сярэдняя школа”. Настаўнік Вольга Брынявец правяла яго ў займальнай форме. Заданні для вучняў спрыялі пашырэнню кругагляду і фарміраванню найважнейшых навыкаў.

Настаўнік ДУА “Пціцкая сярэдняя школа” Таццяна Новік правяла ў рамках Метадычнага тыдню ўрок па літаратурным чытанні ў 2 класе, дзе прадставіла розныя прыёмы і метады працы з тэкстам. Яе калега Ала Кандраценка – занятак па навучанню грамаце ў 1 класе, дзе асаблівую ўвагу звярнула на гука-літарны аналіз слоў.

Людміла Сілівонец, настаўнік рускай мовы і літаратуры раскрыла маладым педагогам сакрэты правядзення сучаснага ўрока.

У рамках тыдня былі праведзены і пазакласныя меропрыемствы. Так, у ДУА “СШ №1 г. Петрыкава” для 7 “Б” класа ў рамках праекта “Я. Мая сям’я. Мая Радзіма” прайшла класная гадзіна па тэме “Як стаць лідарам?”. Маладыя педагогі разам з дзецьмі абмяркоўвалі: “што значыць быць лідарам у школе, сям’і і грамадстве”; “якія якасці дапамагаюць весці за сабой іншых”, “як адказнасць і дабрыня становяцца асновай сапраўднага лідарства”. Дзеці дзяліліся сваімі думкамі пра тое, з каго яны бяруць прыклад у сям’і і класе, прыводзілі прыклады з гісторыі і сучаснага жыцця. Класная гадзіна дапамагла кожнаму адчуць, што лідарства пачынаецца з маленькіх крокаў – умення слухаць, падтрымліваць і быць прыкладам для іншых.

А ў Навасёлкаўскай сярэдняй школе прайшла інфармацыйная гадзіна “Правы чалавека ў грамадстве”. За “круглым сталом” юнакі і дзяўчаты вырашалі праблемныя сітуацыі, абдумвалі ўчынкі і іх магчымыя наступствы і нават стваралі міні-дзяржаву, у якой прымалі свае законы і вызначалі пакаранне за ўчыненае злачынства. Разам прыйшлі да высновы, што няведанне закону не вызваляе ад адказнасці.

Правядзенне адкрытых урокаў і пазаўрочных мерапрыемстваў дае магчымасць маладым педагогам навучыцца ўменню валодаць усім класам, залучаць у працу на ўроку ўсіх навучэнцаў, выкарыстоўваць розныя спосабы падачы матэрыялу, павышаць цікавасць да прадмета.

Галіна Кушнярова,
метадыст ДУА “Петрыкаўскі РУМК”.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о