Штогод 15 сакавіка ў Беларусі адзначаецца Дзень спажыўца, які супадае з сусветным днём Абароны правоў спажыўцоў. Сёлета ён праводзіцца пад дэвізам: “У Інтэрнэце як дома: ведай правы, купляй свядома”.

З кожным днём усё больш жыхароў нашай краіны адкрываюць для сябе зручнасць анлайн-пакупак. Інтэрнэт-крамы сталі звыклай часткай нашага жыцця, прапануючы вялізны выбар тавараў і паслуг.

Нюансы інтэрнэт-гандлю

Даступнасць інтэрнэт-гандлю ў Рэспубліцы Беларусь сёння забяспечваецца не толькі ў гарадах, але і актыўна развіваецца ў сельскай мясцовасці. Для зручнасці пакупнікоў у сельскіх населеных пунктах адкрываюцца пункты выдачы буйных анлайн-крам, што значна спрашчае атрыманне замоўленых тавараў. Акрамя таго, многія прадаўцы дыстанцыйнага гандлю арганізуюць дастаўку праз аддзяленні РУП “Белпошта”, якия традыцыйна абслугоўваюць сельскае насельніцтва. Такі падыход дае магчымасць забяспечыць аператыўнасць і зручнасць атрымання тавараў нават у самых аддаленых кутках краіны, садзейнічае развіццю электроннай камерцыі і паляпшэнню якасці жыцця ў сельскай мясцовасці.

Твае правы, пакупнік

Аднак, як і ў любой іншай прасторы, у лічбавым свеце важна ведаць свае правы і ўмець імі карыстацца.
Так, правы пакупнікоў пры пакупцы ў інтэрнэце нічым не адрозніваюцца ад правоў у звычайнай краме.
Калі вы здзяйсняеце анлайн-куплю, першае,на што неабходна звярнуць увагу, – інфармацыя аб прадаўцу. На сайтах інтэрнэт-крам, у мэсэнджарах, сацыяльных сетках і іншых інтэрнэт-рэсурсах прадавец абавязаны давесці наступную інфармацыю: прозвішча, імя, імя па бацьку ІП, месца знаходжання, уліковы нумар плацельшчыка. Таксама прадаставіць поўную інфармацыю пра тавар: ад характарыстык і вытворцы да тэрміну службы і гарантыйных умоў. Калі набыты нехарчовы тавар аказаўся не тым, што вы чакалі, вы можаце вярнуць яго на працягу 14 дзён, пры ўмове, што тавар не выкарыстоўваўся, захаваў свае ўласцівасці і ўпакоўку, а таксама не з’яўляецца тэхнічна складаным таварам і ў вас ёсць пацвярджэнне пакупкі.
Асаблівую ўвагу варта надаваць абароне асабістых дадзеных. Пры рэгістрацыі на сайтах або выкарыстанні розных сэрвісаў важна ўсведамляць, якую інфармацыю вы даеце, і памятаць, што па законе вы маеце права патрабаваць яе выдалення. Інтэрнэт-прадаўцы нясуць адказнасць за захаванне вашых правоў, у тым ліку вяртанне сродкаў, абмен тавараў і кампенсацыю страт, а таксама за сумленнасць рэкламы.

Бяспечны шопінг

Каб адчуваць сябе ў сетцы бяспечна, прытрымвайцеся простых правілаў: выкарыстоўвайце складаныя паролі, рэгулярна абнаўляйце праграмы і аперацыйную сістэму, будзьце ўважлівымі да падазроных спасылак і правярайце адрасы сайтаў. Не забывайце настройваць прыватнасць у сацыяльных сетках, бо інфармацыя ў інтэрнэце захоўваецца надоўга.
Пры куплі анлайн важна падыходзіць да выбару свядома. Вывучайце водгукі іншых пакупнікоў, уважліва чытайце ўмовы вяртання, дастаўкі і аплаты. Захоўвайце ўсе дакументы і перапіску з прадаўцом – гэта дапаможа ў выпадку спрэчак. Не паддавайцеся імгненным жаданням: параўноўвайце кошты і характарыстыкі, вывучайце агляды і прымайце рашэнні абдумана. Такі падыход дапаможа пазбегнуць непрыемных сітуацый і зробіць пакупкі прыемнымі і бяспечнымі.
Веданне сваіх правоў, выкананне правіл бяспекі і свядомы падыход да выбару дапамогуць вам пазбегнуць непрыемных сітуацый і зробяць ваш анлайн-шопінг у Рэспубліцы Беларусь па-сапраўднаму камфортным і бяспечным.

Важны момант – абарона спажыўцоў

У нашай краіне пытанні абароны правоў спажыўцоў знаходзяцца пад асаблівым кантролем і рэгулююцца Законам “Аб абароне правоў спажыўцоў”. Калі ў вас узнікаюць праблемы або пытанні ў гэтай сферы, вы можаце звярнуцца па дапамогу ў раённы выканаўчы камітэт, дзе працуе ўпаўнаважаны па абароне правоў спажыўцоў, а таксама ў адпаведныя міністэрствы. Акрамя таго, падтрымку можна атрымаць праз таварыствы па абароне правоў спажыўцоў альбо праз судовыя інстанцыі. Важна ведаць, што вы маеце права накіроўваць свае звароты непасрэдна ў любы аб’ект гандлю (паслуг), сэрвісную арганізацыю або інтэрнэт-краму і разлічваць на атрыманне адказу ў тэрміны, устаноўленыя заканадаўствам.
У райвыканкаме працуе ўпаўнаважаны па абароне правоў спажыўцоў, які на пастаяннай аснове разглядае звароты, заявы і скаргі спажыўцоў, а таксама кансультуе насельніцтва па пытаннях абароны правоў спажыўцоў.

16 сакавіка з 8.30 да 13 гадзін па нумары 2-70-13 будзе арганізавана работа “гарачай тэлефоннай лініі” па пытаннях абароны правоў спажыўцоў.

Таццяна ЖУКАВЕЦ,начальнік аддзела эканомікі райвыканкама.
Фота Галіны КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о