У час зімовых канікул у Петрыкаўскім раёне для непаўналетніх пройдзе традыцыйная міжведамасная прафілактычная акцыя “У Новы год без правапарушэнняў”.
З 25 снежня па 7 студзеня запланаваны цэлы комплекс прафілактычных мерапрыемстваў: экскурсіі, дні адчыненых дзвярэй, дабрачынныя, культурна-масавыя, спартыўныя мерапрыемствы. Асноўная ўвага, як пазначыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Вольга Усціновіч-Насека, будзе нададзена занятасці падлеткаў, у першую чаргу тых, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, і тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Суб’екты прафілактыкі наведаюць непаўналетніх, якія патрабуюць асаблівай педагагічнай увагі па месцы жыхарства, а таксама правядуць маніторынг арганізацыі занятасці.
Аддзелам унутраных спраў Петрыкаўскага райвыканкама будуць арганізаваны рэйды па месцах масавага знаходжання, каб перасцерагчы рабят ад парушэння закону.
– Асаблівая ўвага напярэдадні навагодніх святаў – сем’ям, у якіх выхоўваюцца непаўналетнія дзеці, прызнаныя ў сацыяльна небяспечным становішчы. Бацькі павінны больш увагі надаць дзецям, кантраляваць іх вольны час, не злоўжываць алкагольнымі напоямі, – пазначыла Вольга Уладзіміраўна.
Камісія па справах непаўналетніх Петрыкаўскага райвыканкама нагадвае: няма нічога больш каштоўнага для кожнага з бацькоў, чым дабрабыт дзіцяці і яго бяспека!
Бацькі нясуць адказнасць за неналежнае выхаванне і ўтрыманне дзяцей. Выхаванне і ўтрыманне дзіцяці прызнаецца неналежным, калі не забяспечваюцца правы і законныя інтарэсы дзіцяці, у тым ліку, калі дзіця знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
– Памятайце, нават самы бяскрыўдны, на ваш погляд учынак можа мець незваротныя негатыўныя наступствы для здароўя і жыцця вашых дзяцей, – дадала намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх.
Галіна КАЗАК.







Оставить комментарий