На Петрыкаўшчыне адбылася знакавая падзея – выйшаў новы зборнік вершаў і прозы вядомай нашай зямлячкі Любові Арловай пад назвай “У абдымках цішыні і болю…”.
Паважаная Любоў Мікалаеўна! Рэдакцыя газеты “Петрыкаўскія навіны” шчыра віншуе вас з гэтай важнай падзеяй. Раённае выданне лічыць за гонар супрацоўнічаць з вамі. Жыхары Петрыкаўшчыны цэняць вашу творчасць, адданасць літаратурнай справе.
Жадаем вам моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, напоўненых радасцю і натхненнем. Няхай кожны ваш дзень будзе асветлены ўсмешкамі блізкіх і пачуццём задавальнення ад зробленага.

Рецэнзентам і крытыкам зборніка выступіла паэтэса Петрыкаўшчыны Святлана Тарасевіч. Ёй слова…
“У абдымках цішыні і болю…” гэта не проста зборнік вершаў і прозы, а глыбокае пагружэнне ў чалавечы дух, дзе пераплятаюцца моцныя эмоцыі і непахісная надзея.
З першых старонак лірычная споведзь пранікае ў самае сэрца сваёй сапраўднасцю і пранізлівай глыбінёй. У вершах Любові Арловай кожны знойдзе водгук рэха ўласных пачуццяў: ці то ціхі сум восеньскага дня, дзе нават самотны зялёны лісток становіцца маяком стойкасці і незгасальнага жыццялюбства, ці то мудрыя разважанні пра пражытыя гады, калі мінулае растае ўдалечыні, а сучаснасць ззяе асаблівай, зной-дзенай каштоўнасцю.
Любоў Арлова дзеліцца сваім досведам жыцця ў цішыні, дзе страта слыху становіцца не перашкодай, а толькі адной з граняў быцця, з якой можна навучыцца жыць, знаходзячы суцяшэнне і нават радасць у цяперашнім моманце.
Асаблівае месца ў зборніку займаюць вершы, напоўненыя асенняй меланхоліяй, але якія пры гэтым нясуць у сабе зарад жыццелюбства. ”Невесело в моём саду, – предзимье, Осень…” – гэта вобраз, які многім блізкі. Павольная прагулка, закінутыя справы, позірк, які затрымаўся на самотным зялёным лістку, што, нягледзячы на набліжэнне зімы, захаваў фарбы лета. Гэты лісток становіцца сімвалам стойкасці, крыніцай натхнення. І фраза “Держись, листок! І я держусь с последних сил…” – гэта гімн унутранай сіле, уменню знаходзіць апору нават у самых цяжкіх абставінах.
Но с чем улетит в поднебесье душа?
Сегодня главнее не сыщешь вопроса.
Стараюсь всё мелкое сразу отбросить,
Всё то, что мешает дожить не греша.
У другой частцы зборніка аўтар раскрываецца як мудры назіральнік, здольны ўбачыць прыгажосць і сэнс у самых звычайных рэчах. Проза Любові Арловай – гэта не проста апавяданні, гэта замалёўкі з жыцця, напоўненыя глыбокім сэнсам і жыццёвай праўдай. Яна ўмее гаварыць пра складаныя рэчы простай мовай, робячы іх зразумелымі і блізкімі кожнаму чытачу. У яе прозе адчуваецца цеплыня, дабрыня і бязмежная любоў да жыцця, якая перадаецца і нам, чытачам.
Зборнік Любові Арловай ”У абдымках цішыні і болю…” – гэта не проста кніга, гэта запрашэнне да дыялогу з самім сабой, да пошуку адказаў на вечныя пытанні, да здабыцця ўнутранай сілы і гармоніі.
Пазнаёміцца з творчасцю Любові Арловай можна ў Петрыкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы.
Раім і запрашаем!

Падрыхтавала Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о