24 красавіка 2026 года адбыўся традыцыйны справаздачны канцэрт дзіцячага харэаграфічнага ансамбля “Задорынкі” пад назвай “Танцавальны экспрэс”. Ён стаў сапраўдным падарункам для жыхароў аграгарадка Пціч, якія акунуліся ў цікавае і незабыўнае падарожжа, у незвычайны свет харэаграфічнага мастацтва. Юныя ўдзельнікі прадставілі як зусім новыя пастаноўкі, так і тыя, якiя ўжо даўно да спадобы іх прыхільнікам.
Самыя маленькія артысты ансамбля выступілі з кранальнымі танцамі “Гномікі” і “Шалунішкі”, зачаравалі прысутных прыгожыя “Беларускія скокі” і “Лябёдушка”, якія выканала старэйшая група. Нікога не аставілі раўнадушнымі бліскучыя танцы “Жаніх”, “Заінька”, “Капітошка” і “Лялечка” ў выкананні сярэдняй групы. Фінальным акордам, вялікім клічнікам справаздачы стаў цудоўны танец “Родная беларуская зямля”, у выкананні сярэдняй і старэйшай групы ансамбля.
За плячыма ўдзельнікаў ансамбля – шматлікія рэпетыцыі і канцэрты, а ў творчай скарбонцы дасягненняў – безліч дыпломаў і грамат самых прэстыжных конкурсаў. Усё тое, чаму навучыліся гэтыя юныя выхаванцы Петрыкаўскай дзіцячай школы мастацтваў, яны прадэманстравалі на сцэне актавай залы Пціцкай сярэдняй школы. Кожны канцэртны нумар стаў яркай феерыяй. Выразныя, сінхронныя рухі, пачуццё рытму, уменне слухаць музыку – усё гэта стварала ўзрушаючую энергетыку, якая ішла са сцэны. Гледачы яе выдатна адчувалі, а таму актыўна адорвалі дзяцей апладысментамі.
“Задорынкі” – гэта ансамбль, які аб’ядноўвае дзяцей, настаўнікаў і бацькоў. Яго кіраўнік Ірына Супруненка і харэограф-педагог Яна Супруненка здолелі згуртаваць адораных хлапчукоў і дзяўчынак і знайсці разуменне з боку бацькоў. Бо талент і сяброўства – дакладныя спадарожнікі поспеху!
Словы падзякі прагучалі ад загадчыка філіяла Петрыкаўскай дзіцячай школы мастацтваў у населеным пункце Мышанка Дар’і Стрыгун, якая ўручыла ўдзельнікам ансамбля салодкі падарунак.
Бацькі ўдзельнікаў ансамбля таксама выказалі словы падзякі настаўнікам-харэографам і ўручылі кветкі і салодкія падарункі дзецям.
Ад усёй душы жадаем дзіцячаму харэаграфічнаму ансамблю “Задорынкі” далейшых творчых поспехаў, дасягненняў, прафесійнага росту і натхнення! А іх настаўнікам – невычэрпнай жыццёвай энергіі, моцнага здароўя, сіл, цярпення і новых творчых ідэй!

Марыя СІГАЙ.







Оставить комментарий