1 студзеня 2026 года ўступіў у сілу новы Кодэкс грамадзянскага судаводства.
Пра тое, якія змены чакаюць суды і грамадзян, пра значэнне новаўвядзенняў мы пагутарылі са старшынёй суда Петрыкаўскага раёна Алегам Касцючэнкам.
– Алег Уладзіміравіч, як вы ацэньваеце значэнне ўступлення ў сілу новага Кодэкса?
– Гэта важны крок у развіцці судовай сістэмы. Дакумент накіраваны на павышэнне эфектыўнасці грамадзянскага судаводства, забеспячэнне даступнасці правасуддзя і ўмацаванне гарантый абароны правоў грамадзян і арганізацый.
– Якія ключавыя новаўвядзенні Кодэкса вы маглі б вылучыць?
– Сярод асноўных змен можна адзначыць спрашчэнне асобных працэдур разгляду грамадзянскіх спраў, пашырэнне прымянення электронных тэхналогій, удакладненне правіл падсуднасці і працэсуальных тэрмінаў, а таксама ўзмацненне гарантый роўнасці бакоў у працэсе.
– Суды рыхтаваліся да прымянення новага Кодэкса?
– Так. Было праведзена навучанне суддзяў і работнікаў апарату, арганізаваны семінары і практычныя заняткі. Асаблівая ўвага была нададзена параўнальнаму аналізу новай рэдакцыі Кодэкса з дзеючымі нормамі, каб пераход быў максімальна плаўным і зразумелым для ўсіх удзельнікаў працэсу.
– Што змянілася для грама-дзян у абноўленым дакуменце?
– Новы Кодэкс зрабіў працэдуру больш празрыстай і зручнай. Грамадзяне могуць хутчэй атрымліваць судовыя рашэнні, выкарыстоўваць электронныя сэрвісы для падачы дакументаў, а таксама разлічваць на больш дакладнае рэгуляванне тэрмінаў разгляду спраў.
– Якія задачы стаяць перад судом з уступленнем у сілу новага Кодэкса?
– Асноўная задача – забяспечыць аднастайнае прымяненне новых норм, выключыць розначытанні і сфарміраваць устойлівую судовую практыку. Уступленне ў сілу новага Кодэкса грамадзянскага судаводства – гэта крок да мадэрнізацыі судовай сістэмы, павышэння яе эфектыўнасці і адкрытасці. Суд гатовы да працы ў новых умовах і будзе забяспечваць надзейную абарону правоў грамадзян і арганізацый.
Мы таксама будзем інфармаваць грамадзян пра новаўвядзенні, каб жыхары Петрыкаўшчыны маглі правільна рэалізаваць свае правы.
– Дзякуй за інфармацыю, Алег Уладзіміравіч! Несумненна, усе мы будзем адсочваць дадзеную тэматыку, бо яна датычыцца права кожнага на судовую абарону.
Гутарыла Святлана СОБАЛЕВА.







Оставить комментарий