Для беларусаў шлюб і сям’я – без перабольшання, галоўная каштоўнасць і здабытак уласнага жыцця.
Днямі мы сустрэліся з начальнікам аддзела ЗАГС Петрыкаўскага райвыканкама Ганнай Туравец, каб даведацца, колькі ў мінулым годзе на Петрыкаўшчыне нарадзілася дзяцей і якія імёны для іх выбіралі бацькі, у якім узросце петрыкаўчане браліся шлюбам і скасоўвалі яго. Падрабязней – у нашым матэрыяле.
Дзяўчынак болей
Па інфармацыі начальніка аддзела ЗАГС, за мінулы год у аддзеле былі зарэгістраваны 82 новыя жыхары нашага горада, з іх 39 хлопчыкаў і 43 дзяўчынкі. Дзякуючы нараджэнню 3-га дзіцяці, 22 сям’і з райцэнтра набылі пачэсны ў нашай дзяржаве статус шматдзетнай. Разам з тым, шчасце бацькоўства ўпершыню спазналі ў 30 сем’ях, дзе на свет з’явіліся першынцы.
Што да статыстыкі па сельскіх населеных пунктах раёна, то ў 2024 годзе на раёне нарадзіліся 102 дзіцятка. Такім чынам, сумарна Петрыкаўшчына ў мінулым годзе папоўнілася 184-ма маленькімі грамадзянамі. Прычым упершыню за апошняе дзесяцігоддзе на сяле была зарэгістравана абсалютна роўная колькасць дзяўчынак і хлопчыкаў – па 51.
Што яшчэ да цікавых статыстычных дадзеных, то ў 23-ох сем’ях вяскоўцаў на свет з’явілася 3-е дзіця, а ў 37-мі сем’ях нарадзіліся першынцы.
Сярэдні ўзрост, у якім петрыкаўчане сёлета станавіліся бацькамі, для татаў склаў 30 гадоў, для матуль – 27. А вось самы мінімальны ўзрост, у якім жанчына станавілася маці, склаў 16 гадоў, а мужчына татам – 18.
У топе – Цімафей і Ева
Распавяла начальнік аддзела ЗАГС і пра самыя папулярныя ў бацькоў нованароджаных імёны. Як стала вядома, сярод хлопчыкаў у Петрыкаўскім раёне вырваўся ў лідары Цімафей, гэтым імем нараклі 7 немаўлят. У топе пераможцаў таксама імёны Максім (6), Багдан (5), Аляксей (4), Яраслаў (4). У разрад рэдкіх імёнаў трапілі: Элай, Самуіл, Дамір, Серафім, Савелій.
Што да рэйтынгу папулярных імёнаў для нованароджаных дзяўчынак, то ён выглядае наступным чынам: Ева (6), Сафія (6), Міраслава (5), Ульяна (5), Мілана (4) – менавіта гэтым імёнам бацькі і родныя аддалі перавагу, менавіта яны былі самыя папулярныя ў жыхароў раёна ў 2024 годзе.
Што да незвычайных і рэдкіх імёнаў, то ў пасведчаннях аб нараджэнні значацца: Радыяна, Іларыя, Дзекабрына, Евангеліна, Алівія.
78 шчаслівых пар сказалі адзін аднаму “Так!”
Узрост маладых вар’іраваўся ад 17 да 69 гадоў. Самаму юнаму жаніху на момант заключэння шлюбу было 19 гадоў, самаму пажылому – 69, самай маладой нявесце на момант рэгістрацыі споўнілася 17 гадоў, а самай “узроставай” – 69. Пяцідзясятая пара з райцэнтра, якая пабралася шлюбам у 2024 годзе, для ўрачыстай цырымоніі выбрала незвычайны дзень – маладых распісалі ў апошні дзень адыходзячага года – нічога не скажаш: арыгінальнае рашэнне, такую дату сапраўды ніхто не забудзе, а Новы год вы сустракаеце ўжо новай сям’ёй. Да ліку цікавых статыстычных дадзеных можна аднесці і такі факт: у аддзеле ЗАГС у мінулым годзе было зарэгістравана 3 шлюбы з замежнымі грамадзянамі, а менавіта з грамадзянамі Расійскай Федэрацыі, Ізраіля і Малдаўскай ССР.
Прыемна зазначыць, што ў аддзел ЗАГС за 2024 год было пададзена 56 заяў аб рэгістрацыі заключэння шлюбу, у той час як за 15 дзён 2025 года жаданне замацаваць свае адносіны законным шлюбам выказалі 10 пар, прычым 7 з іх ужо пабраліся шлюбам, што, канешне, не можа не радаваць. Відаць, і сапраўды, высакосны год быў нейкай свайго роду перашкодай для маладых.
На жаль, без разводаў у мінулым годзе таксама не абышлося. Так, аддзелам ЗАГС быў здзейснены 21 актавы запіс аб скасаванні шлюбу. Сярэдні ўзрост тых, хто вырашыў скасаваць шлюб, склаў 39 гадоў для мужчын і 40 гадоў для жанчын. Самымі маладымі “расчараванымі” ў шлюбе сталі 27-гадовы мужчына і 25-гадовая жанчына. Максімальны ўзрост, у якім землякі прымалі такое няпростае рашэнне, 66 гадоў у мужчын, 67 гадоў у жанчын. Мінімальная працягласць шлюбу склала 6 месяцаў і 19 дзён, максімальная – 33 гады 11 месяцаў і 19 дзён.
– Стварэнне сям’і – адказны крок у жыцці чалавека. Рашэнне пабрацца шлюбам, а тым больш яго скасаваць, павінна быць узважаным і абдуманым, – упэўнена начальнік аддзела ЗАГС Ганна Туравец.
Да ўсяго іншага, па інфармацыі начальніка аддзела, за 2024 год ЗАГСам было прынята 1709 заяў аб ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур, агульная колькасць прынятых адміністрацыйных рашэнняў – 1699.
Таксама было складзена 300 запісаў актаў грамадзянскага стану, з іх 82 актавыя запісы аб нараджэнні, 36 актавых запісаў аб устанаўленні бацькоўства, 2 актавыя запісы аб удачарэнні, 6 актавых запісаў аб змене прозвішча, 50 актавых запісаў аб заключэнні шлюбу і 21 актавы запіс аб скасаванні шлюбу.
Мы жадаем шчасця вам…
Як пазначыла наша суразмоўца, добрай традыцыяй для аддзела ЗАГС стала ў дні святкавання знамянальных дат, якія маюць дачыненне да сям’і, дзяцей, кахання, ладзіць урачыстыя мерапрыемствы, на якія запрашаюцца прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, лідары грамадскіх арганізацый, падчас якіх ушаноўваюцца нованароджаныя, а таксама шлюбныя пары, якія ў любові і згодзе пражылі доўгія гады.
– Мы заўсёды рады бачыць вас і вашых гасцей у нашым аддзеле ЗАГС у дні вашых сямейных святаў, юбілеяў і іншых урачыстых падзей. Мы гатовы падзяліць з вамі ваша шчасце, павіншаваць са знамянальнымі і запамінальнымі сямейнымі падзеямі. Шчыра спа-дзяюся, што 2025 год кожнай сям’і Петрыкаўшчыны падаруе прыемную нагоду завітаць у наш аддзел, – дадала ў завяршэнні размовы Ганна Іванаўна.
Запісала Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий