Шлях ад зямных нетраў да экспазіцыі

0
366

На тэрыторыі сучаснага Петрыкаўскага раёна зафіксавана і выяўлена шмат помнікаў розных археалагічных эпох ад мезаліту да позняга сярэднявечча. Яны сталі вядомымі, дзякуючы намаганням шэрагу пакаленняў гісторыкаў, краязнаўцаў і археолагаў. І колькасць стаянак старажытнага чалавека, селішчаў і гарадзішчаў з кожным годам будзе толькі павялічвацца ў святле новых навуковых даследаванняў.

Палессе – гэта ўнікальны край, які і да гэтага часу захоўвае ў сабе мноства неразгаданых таямніц. Вывучэнне мясцовых краявідаў з аднаго боку ўскладняецца з-за непралазных балот і шчыльнага разгалінавання рачной сістэмы, з іншага боку гэта абумовіла лепшую захаванасць аб’ектаў археалогіі і, як следства, прыцягальнасць цяжкадаступных месцаў на ўлонні некранутай прыроды.
Археалагічныя артэфакты розных гістарычных эпох беражліва захоўваюцца ў Петрыкаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Гэта не проста старадаўнія рэчы, а маўклівыя сведкі мінулага, што распавядаюць пра жыццё нашых продкаў сотні і нават тысячы гадоў таму.


Абсалютна рознымі шляхамі трапляюць у музей старажытныя прадметы. Канешне, асноўная частка іх накіроўваецца навукоўцамі ва ўстановы культуры пасля палявых даследаванняў (раскопак). Але гэта далёка не адзіная крыніца папаўнення музейных калекцый. Часам археалагічныя знаходкі робяць звычайныя людзі падчас земляных работ на сваіх падворках, на пратораных лясных альбо палявых дарогах ці нават у межах горада. Такі выпадак адбыўся летась.
Мясцовы жыхар прынёс у Петрыкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей падарунак – каменную сякеру бронзавага веку, зной-дзеную на агародзе! Уявіце сабе: чалавек проста капаў грады і натрапіў на артэфакт, якому не менш за тры тысячы гадоў. Гэта сякера – не проста прыгожы экспанат, а сапраўдная знаходка для адукацыйных праграм. Дзякуючы прыладзе працы, мы можам наглядна дэманстраваць наведвальнікам, як старажытныя людзі выкарыстоўвалі тэхніку пілавання і свідраванні каменя. Гэта дазваляе зразумець складанасць і працаёмкасць працэсу працы з каменем.


Старадаўні чатырохвіты бранзалет бронзавага веку, які зараз займае цэнтральнае месца ў экспазіцыі музея, быў падораны настаўнікам Навасёлкаўскай школы Міхаілам Селехам. Упрыгожванне педагог знайшоў на месцы курганнага могільніку ў лесе.
Аснову археалагічнай калекцыі Петрыкаўскага краязнаўчага музея складаюць артэфакты з раскопак, якія праводзіла са сваімі калегамі на Петрыкаўшчыне наша зямлячка, ураджэнка Петрыкава, вядомы археолаг, кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – Валянціна Вяргей.


Самым масавым прадметам у фондах раённага музея з’яўляецца разнастайная кераміка, ад ляпных гаршкоў з унікальнымі канічнымі донцамі, да фрагментаў пасудзін, створаных на ганчарным коле.
Нават не спакушаны ў старажытных рэчах наведвальнік разгледзіць тонкую працу нашых продкаў з каменем у крэмніевых пласцінах, скрабках і мініяцюрных мікралітах, якія служылі для самых розных гаспадарчых мэт. Уражваюць і каменныя сякеры, якія дэманструюць сілу, вынаходлівасць і цярплівасць старажытных людзей у вытворчым працэсе. Не менш каштоўныя і прадметы асабістага карыстання: вытанчаныя ўпрыгожванні, фібулы, а таксама фрагменты яркіх шкляных бранзалетаў. Асаблівую ўвагу прыцягваюць артэфакты са скандынаўскімі матывамі – падвескі і паясныя накладкі, якія расказваюць пра сувязі і культурны абмен.
Праходзячы ад вітрыны да вітрыны, можна ўбачыць, як змянялася штодзённае жыццё нашага краю з найстаражытнейшых часоў да нашых дзён. Вось прылады першабытных паляўнічых, а побач – упрыгожванні, створаныя майстрамі бронзавага веку. Далей – прадметы побыту славянскіх плямёнаў і, нарэшце, артэфакты, што адносяцца да пазнейшых гістарычных перыядаў.
Экспазіцыя ва ўсёй сваёй разнастайнасці дае кожнаму ўнікальную магчымасць убачыць носьбіты матэрыяльнай гісторыі на ўласныя вочы, дакрануцца да мінулага і зразумець, як развівалася грамадства на нашай зямлі цягам тысячагоддзяў.

Вераніка СУХАДОЛАВА,
галоўны захавальнік фондаў Петрыкаўскага
музея.

0 0 голоса
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные