У аўторак, 30 снежня, Петрыкаўшчыну з рабочым візітам наведалі кіраўнік спраў Прэзідэнта, упаўнаважаны Кіраўніка дзяржавы ў Гомельскай вобласці Юрый Назараў і губернатар вобласці Іван Крупко. Мэта візіту – інспекцыя ўводу аб’ектаў.
Знакавай падзеяй 2025 года на Петрыкаўшчыне стала будаўніцтва ў кароткія, можна сказаць рэкордныя срокі – 6 месяцаў, і ўвод у эксплуатацыю сучасных жывёлагадоўчых аб’ектаў на МТК “Ляскавічы” гаспадаркі “Агра-Ляскавічы”.
Так, на МТК з’явіліся два новыя кароўнікі, даільна-малочны блок, прафілакторый для маладняку, комплекс водазабору, аміністрацыйных і дапаможных памяшканняў, інжынерных сетак і камунікацый.
Унікальнасць новых кароўнікаў у тым, што каркас асноўнага будынка – з клеенай драўніны. Гэта, між іншым, унікальнае рашэнне не толькі для гаспадаркі, але і для вобласці. Будынак значна буйнейшы за аналагічныя жалезабетонныя аб’екты, вышыня ў каньку – больш за 10 метраў.
Кожны кароўнік разлічаны на 384 галавы статка. Адкрыццё абноўленага МТК, па планах кіраўніцтва гаспадаркі, дазволіць павялічыць пагалоўе да 2000 галоў.
Як падкрэсліў кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў, аб’ект МТК “Ляскавічы” здадзены, цяпер справа за камплектаваннем памяшканняў дойным статкам. Між іншым, у цялятніку для маладняку, а сучаснае памяшканне разлічана на 300 галоў, першыя навасёлы ўжо з’явіліся.
На поўную магутнасць комплекс пачне функцыянаваць ужо ў першым квартале 2026 года.
Па словах кіраўніка раёна Аляксандра Верамеева, у планах гаспадаркі набыццё больш за 300 галоў цялушак, якія будуць мець прадуктыўнасць звыш 7000 кілаграмаў малака на карову ў год.
Працягам візіту кіраўніка спраў Прэзідэнта Юрыя Назарава і старшыні аблвыканкама Івана Крупко стала наведванне шматпавярховага жылога дома на 24 кватэры ў аграгарадку Ляскавічы, пабудаванага для маладых спецыялістаў.
Пабудаваны ў прыгожым месцы аграгарадка, трохпавярховы дом на два пад’езды, з ліфтам практычна гатовы прымаць навасёлаў. Кватэры прасторныя, светлыя – 12 аднапакаёвых і столькі ж двухпакаёвых. Хутка іх заселяць спецыялісты, запатрабаваных у Ляскавічах прафесій – работнікі Нацпарка “Прыпяцкі” і гаспадаркі “Агра-Ляскавічы”.
Як адзначыў нашаму карэспандэнту Юрый Назараў, Петрыкаўшчына – рэгіён, які дынамічна развіваецца, прыток маладых спецыялістаў сюды, несумненна, прадоўжыцца. Таму ў аграгарадку будуць будаваць новыя шматкватэрныя дамы, і хутка тут вырасце цэлая вуліца.
Галіна КАЗАК, фота аўтара.






Оставить комментарий