Сакрэты птушыных назваў – геаграфія і людзі

0
889

Сакрэты птушыных назваў – геаграфія і людзі

1 красавіка – Міжнародны дзень птушак.

З гэтай нагоды мы вырашылі азірнуцца навокал і адшукаць на прасторах раёна “птушыныя” тапонімы.
Першае найменне – рака і аграгарадок Пціч. Назву навукоўцы выводзяць ад старажытна славянскага “п’ціч” – “птушка”, або ад балцкай назвы putytis ”птушаня”, якое славянізавалася ў “Пціч”. Даследчыкі беларускай тапанімікі У. Юрэвіч і В.Жучкевіч назву ракі Пціч напрамую звязваюць са словам “птица”.

Цудоўнае народнае паданне падтрымлівае навукоўцаў і сцвярджае, што раку Пціч выкапалі птушкі па падказцы Бога. Кожная птушка брала ў дзюбу глебу і адносіла ўбок. Крылатыя стварэнні працавалі да таго часу, пакуль не з’явілася рэчышча і не заструменіла па ім вада.

Зразумела, што ёсць і меркаванне паходжання ад слова “пет” – вада, паток. Але гэта ўжо іншая гісторыя.
Яшчэ адна цікавая назва – вёска Рабка. Магчыма не кожны і чуў пра такі населены пункт, але ён яшчэ значыцца на карце раёна. Адразу ўзнікае асацыяцыя з куркай-рабкай. Наўрад ці ад крылатай хатняй нясушкі атрымала вёска назву. Верагодней ад слова “рабчык” – “лясны кулік” альбо ад асабовай мянушкі “Рабы”, “Рабок” або “Рабка”, якія могуць быць звязаны са знешнасцю чалавека. Але існуюць такія птушкі, якія маюць назву “рабкі”, адносяцца да сямейства рабкавыя і пражываюць у засушлівых рэгіёнах Афрыкі і Еўразіі.

А вось наступная назва яшчэ больш займальная – Мышанка. Чую ваша абурэнне: пры чым тут птушкі, тут мышы! Але не спяшайцеся. Існуюць такія птушкі “птушкі-мышы” ці “мышанкі”, якія пражываюць у Афрыцы. Але самае неверагоднае, што ў народзе захавалася цікавае паданне, пра тое, што менавіта гэтых невялікіх экзатычных птушак-мышэй з доўгімі хвастамі разводзіў уладальнік маёнтка Кірхнер. Па гэтай прычыне вёску пачалі называць Мышанкі (менавіта так у множным ліку яна значацца і на карце 1939 года). Вось такая цікавая гісторыя!

Вёскі Старыя і Новыя Кацуры – працяглы час у пісьмовых крыніцах значацца як “Качуры”. Я думаю, што большасць знае значэнне гэтага слова – мужчынская асобіна качкі (качур, качар – у беларускай мове, качэр – у ідышы). Найменне магло быць ўтворана ад асабістага імя або мянушкі чалавека.

Бярозаўка, альбо пеначка-трашчотка, – такая назва таксама існуе на карце раёна. І хоць назва вёскі ўзнікла хутчэй ад асаблівасцей мясцовасці, але птушка такая маецца. Таму вёску Бярозаўка астаўляем у нашым арніталагічным спісе.

Частка “птушыных” назваў хаваецца яшчэ і ў мікратапаніміцы, якая не вядома шырокаму колу жыхароў раёна. Як, напрыклад, востраў Бусліны. Знаходзіцца ён на поўначы вёскі Першая Слабодка ў рукаве ракі Пціч, на поўдзень ад Капаткевіч. Яго добра відаць з моста праз раку Пціч па аўтамабільнай дарозе Капаткевічы-Колкі. Некалі на гэтым востраве раслі вялізарныя тоўстыя вербы, на якіх было вельмі шмат бусліных гнёздаў – гэтыя цудоўныя птушкі і далі назву востраву.

Больш даўняя гісторыя таксама хавае арніталагічную спадчыну: на карце 1939 года мы знайшлі хутары: Паўлінаў, Юркі, Сокалы, Сакалоўскага і Сакаліны востраў.

Чаму такая колькасць “сакаліных” назваў у невялікім палескім рэгіёне, сказаць цяжка. На Палессі пражываюць некалькі відаў птушак з сямейства сакаліных, магчыма раней гэтыя крылатыя драпежнікі былі больш распаўсюджаныя. А можа шмат вастравокіх і імклівых людзей жыло раней у нас, ад мянушак якіх і пайшлі гэтыя назвы.

Але і зараз, зазірнуўшы не толькі на карту, але і ў пашпарты землякоў, мы сустрэнем там запісы: Сокал, Коршак, Верабей, Удод, Жураўлёў і іншыя “крылатыя” прозвішчы, а таксама вытворныя ад іх.

Птушкі – нашы пастаянныя спадарожнікі, якія на працягу тысячагоддзяў ідуць побач з чалавекам і пакідаюць свой след у нашай душы, на палотнах мастакоў і ў творах пісьменнікаў і паэтаў, на нашай зямлі і на карце. Давайце берагчы птушак!

Надзея СІГАЙ,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о