Наш зямляк Аляксандр Галота кінуў выклік самай суровай прыродзе планеты, прыняўшы ўдзел у легендарным экстрэмальным марафоне “Полюс холаду”.
Выпрабаванне на трываласць праходзіла ў Якуціі на дыстанцыі паміж пасёлкам Аймякон і сялом Томтар. Ва ўмовах звыш нагрузак і пры тэмпературы -41°C Аляксандр у ліку 50-ці спартсменаў, аматараў марафону, пераадолеў дыстанцыю ў 50 кіламетраў. Час нашага бегуна на фінішы склаў 5 гадзін 50 хвілін. Нягледзячы на пякучы мароз, які літаральна скоўваў дыханне, Аляксандр паспяхова справіўся з трасай і ўпісаў сваё імя ў гісторыю забегу “Полюс холаду”.

“На дыстанцыю падчас падобных мерапрыемстваў я заўсёды выходжу з флагам раёна – гэта вельмі важна для мяне. Петрыкаўшчына, не пабаюся такога пафаснага параўнання, – маё месца сілы і крыніца натхнення. Што да забегу – было няпроста: паветра сухое і вострае, як лязо, кожны ўдых рэзаў лёгкія, а выдых імгненна крышталізаваўся ў іней. Гэта быў доўгі, амаль 6-гадзінны паядынак з холадам. Прыемна, што справіўся”, – падзяліўся Аляксандр.
Віншуем земляка з гэтым неверагодным дасягненнем. Яго стойкасць – прыклад таго, што для сапраўднага чалавечага духу не існуе непераадольных перашкод. Жадаем шчыраму патрыёту малой радзімы поспехаў ва ўсіх пачынаннях, а іх, як мы неаднаразова мелі магчымасць пераканацца, у Аляксандра даволі шмат.
Галіна КАЗАК.







Оставить комментарий