Мінулую восень жыхары мікрараёна Ваенны гарадок сустракалі з аптымізмам: у раёне міні-рынку і крамы “АміМэбля” нарэшце спілавалі ўсохлыя таполі і дрэвы, пашкоджаныя амелай. Здавалася б – выдатны шанец навесці парадак у гэтым ажыўленым месцы. Але выйшла “як заўсёды”.

Дрэвы выдалілі настолькі дрэнна, што на іх месцы засталіся тырчаць пні. І зараз гэты ўчастак ператварыўся ў бескарысную зону адчужэння. А лакацыя, між іншым, тут стратэгічная: побач рынак, куды людзі прыязджаюць за сезоннай гароднінай, і папулярная мэблевая крама.

Жыхары справядліва наракаюць, бо ў густанаселеным мікрараёне катастрафічна не хапае парковачных месцаў. Выкарчаваўшы рэшткі ствалоў, тут можна было б арганізаваць дадатковую стаянку, якая разгрузіла б двары і ўзбочыны.

Няўжо так складана давесці справу да лагічнага завяршэння? У сваю чаргу мы заклікаем службы пачуць жыхароў: прыбраць пні і даць магчымасць выкарыстоўваць гэтую тэрыторыю з карысцю. Паркоўка тут больш патрэбна, чым “помнікі” безгаспадарчасці!

В. МІКАЛАЕВА. Фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о