Чыгунка – надзейны транспарт, важная частка эканомікі, сімвал прамалінейнага руху наперад. Сталёвыя рэйкі аб’ядноўваюць гарады і населеныя пункты, лёсы, ствараючы асаблівую рамантыку падарожжаў пад рытмічны гук цягніковых колаў. А за ўсім гэтым – праца тысяч людзей самых розных прафесій.
Сёння наш аповед пра тых, хто непасрэдна абслугоўвае сталёвую магістраль, адказвае за бездакорную работу механічнай складаючай і стрэлачных пераходаў – пра манцёраў шляху.
Пэўна, неаднаразова, едучы на цягніку, вы заўважалі людзей у яркіх аранжавых камізэльках, якія ўвіхаліся ўздоўж чыгункі. Але чым займаюцца яны на бясконцым шляху чыгуначных рэек – задумваўся не кожны.
Напярэдадні прафесійнага свята нам надарылася магчымасць завітаць да “ўладароў рэек і шпал” у аграгарадок Пціч, дзе дыслакуецца брыгада акалотку №16 Калінкавіцкай дыстанцыі шляху, на якой працуюць 5 манцёраў і брыгадзір.
Зладжаная каманда, якая сочыць за чыгуначнымі шляхамі працягласцю 18 кіламетраў. У іх абавязкі ўваходзіць выкананне пры неабходнасці рамонтных работ, замена зношаных элементаў і сезоннае абслугоўванне – гэта барацьба са снегам і пустазеллем, своечасовая ўборка з праяздных шляхоў перашкод, у тым ліку галін, рэшткаў дрэў, загінуўшых жывёл.
Ёсць і свае асаблівасці ў залежнасці ад пары года: напрыклад, зімой працуюць у дзве змены, а ў спякотлівы летні перыяд прыступаюць да работ з 5-ці гадзін раніцы. Праца, хоць і механізаваная часткова, але ўсё ж больш ручная. Вось і сёння дзень пачаўся з ранішняй абкоскі пустазелля ўздоўж шляхоў.
Брыгадзір Аляксей Рабчанка з цеплынёй адзываецца пра сваіх калег:
– Брыгада ў нас зладжаная, а праца даволі цяжкая і напружаная. Часам прыходзіцца пешшу пераадольваць значныя адлегласці. Але кожны выконвае абавязкі адказна: чыгунка не церпіць “выпадковых” людзей. Самы старэйшы наш работнік – Сяргей Ягоравіч Сарокін. У сакавіку 2027 года адзначыць свой 30-гадовы юбілей працы на чыгунцы. Сам ён з Магілёўшчыны, але патрапіў на Палессе і прыжыўся. Больш 20 гадоў працуе на чыгунцы і Сяргей Аркадзьевіч Казмерчук, які ведае ўсе тонкасці прафесіі. Міхаіл Мікалаевіч Бакулін родам з далёкай Эстоніі, а Рыгор Сяргеевіч Сігай мясцовы. Чыгуначнікам у трэцім пакаленні з’яўляецца Дзмітрый Анатольевіч Будовіч: тут працавалі яго дзед, бацька і маці. Ён таксама працягнуў сямейную справу.
Каб патрапіць на пасаду манцёра, спецыяльная адукацыя не патрэбна, неабходна пазнаёміцца з асаблівасцямі работы і, зразумела, добра ведаць інструкцыі і правілы бяспекі – без гэтага ніяк. Перыядычна манцёраў накіроўваюць на курсы – чыгунка ўдасканальваецца з кожным годам, ёй патрэбны кваліфікаваныя кадры, бо гэта, у першую чаргу, бесперабойная дастаўка грузаў і пасажыраў.
… Паўз нас, набіраючы ход, пранёсся цягнік Калінкавічы-Лунінец, весела адсалютаваўшы станцыі гудком. І стала зразумела, што гэтыя непрыкметныя работнікі сталёвай магістралі тут для таго, каб мы смела садзіліся ў цягнік і імчалі наперад, ведаючы, што чыгунка – гэта надзейны, бяспечны і танны транспарт.
Са святам вас, шаноўныя работнікі чыгуначнага транспарту!
Надзея СІГАЙ,
фота Марыі ТАМКО.







Оставить комментарий