Сезонная змена шын – важная задача для кожнага аўтаўладальніка. Адначасова з ёю землякі-аўтааматары часам задаюцца пытаннем: як быць са старымі, адпрацаваўшымі свой рэсурс шынамі. За адказам мы звярнуліся да дырэктара ДП “Петрыкаўскі райжылкамгас” Сяргея Гайчука.
Па словах кіраўніка жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна, пакідаць старыя аўтамабільныя покрыўкі ў месцах, якія не прадугледжаны для гэтага, строга забаронена. Тым больш нельга выкідваць іх у лесе.
Выкінутыя зношаныя покрыўкі раскладаюцца больш за 100 гадоў, наносячы сур’ёзную шкоду навакольнаму асяроддзю.
– Парушальнікам пагражае адміністрацыйнае пакаранне за невыкананне патрабаванняў Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Так, на фізічную асобу за парушэнне заканадаўства аб абыходжанні з адходамі (артыкул 16.44) прадугледжана накладанне штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь, а на юрыдычную – да 30 базавых велічынь.
Таму, “пераабуваючы” свой аўтамабіль, варта паклапаціцца пра тое, куды падзець зношаныя покрыўкі, – пазначыў суразмоўца і дадаў: – Пакінуць зношаныя шыны аўтаўладальнікі могуць на пляцоўках па зборы буйнагабарытнага смецця ці звярнуцца на СТА, дзе ім не толькі паставяць новыя покрыўкі, але, па дамоўленасці, прымуць зношаныя шыны.
ПЕРАПРАЦОЎКА ШЫН вырашае адразу дзве праблемы:
Першая – рэцыклінг, адходы ператвараем у даходы.
І другое – гэта танны спосаб атрымання пакрыццяў. З перапрацаваных шын у Беларусі робяць гумовую плітку, якую выкарыстоўваюць у якасці пакрыцця для дзіцячых пляцовак, у трэнажорных залах, для садовых дарожак.
ВАЖНА ПАМЯТАЦЬ
Галоўная небяспека ад спальвання старых шын для арганізма чалавека і ў цэлым нашай экалогіі крыецца ў тым, што такія неабдуманыя паводзіны прыводзяць да:
🔻 развіцця хранічных захворванняў і анкалогіі;
🔻 таксічнасці глебы – там, дзе развялі вогнішча і спалілі гуму, гадоў 20 не будуць расці ніякія расліны, нават пустазелле;
🔻 рызыкі забруджвання паветра шкоднымі газамі;
🔻 заражэння грунтавых вод і вадаёмаў свінцом і сернай кіслатой.
Як бачым, такія дзеянні не толькі згубна ўплываюць на навакольнае асяроддзе, але і шкодзяць нашаму здароўю, таму ўтылізаваць зношаныя шыны трэба правільна.
Запісала Галіна КАЗАК.








Оставить комментарий