Май на Петрыкаўшчыне, як і па ўсёй краіне, прайшоў пад знакам Вялікай Перамогі. Шэраг мерапрыемстваў у гонар герояў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны аб’ядналі ўдзячных землякоў у жаданні падзякаваць, дапамагчы, падтрымаць тых, хто зведаў увесь цяжар, жах і боль той вайны.
Каштоўна тое, што пакаленне нашчадкаў салдат-пераможцаў не толькі свята захоўвае памяць пра тыя падзеі, але імкнецца атуліць клопатам і ўвагай тых, хто сёння ў гэтым мае неабходнасць, хто ў сілу ўзросту чакае дапамогі, хто, на жаль, застаўся без родных і блізкіх.
Прыклад такой увагі і клопату напярэдадні Дня Перамогі прадэманстравалі жыхары аграгарадка Колкі. Каля домаўладання сваёй зямлячкі, Равуцкай Элеаноры Ігнацьеўны, малалетняга вязня Азарыцкага канцэнтрацыйнага лагера яны ўсталявалі новую агароджу. Элеанора Ігнацьеўна пражыла няпростае жыццё. Дзіця вайны, яна і ў пасляваенны час зведала нямала выпрабаванняў. Аднак ветэран працы ўдзячна лёсу за ўсё.
Добрая справа аб’яднала людзей з вялікім сэрцам. Так, індывідуальны прадпрымальнік Максім Машук, які ў аграгарадку мае свой невялікі бізнес, звязаны з дрэваапрацоўкай, на бязвыплатнай аснове выдзяліў штыкетнік. Гэта не адзіная спонсарская акцыя прадпрымальніка – аказваў дапамогу мужчына і школе. “Я ж мясцовы. Добра ведаю людзей, гадаваўся сярод іх. Мяне бацькі так вучылі: можаш дапамагчы – абавязкова зрабі гэта. А калі не можаш, пастарайся ўсё ж знайсці магчымасць нейкім чынам падтрымаць чалавека, бо калі ён прыйшоў менавіта да цябе, то, верагодна, ты яго апошняя надзея. Так і стараюся жыць у згодзе з сумленнем і землякамі”, – падзяліўся сваім жыццёвым крэда Максім Уладзіміравіч.
Работнікі сельвыканкама ў сваю чаргу далучыліся да ўсталявання новай агароджы, а калектыў школы ўзяў на сябе клопат па яе афарбоўцы. У выніку калектыўнай справы – малалетні вязень сустракала Дзень Перамогі не толькі ў добрым настроі з нагоды вялікага свята, а яшчэ і з такім падарункам ад землякоў.
Шчыры дзякуй, паважаныя землякі! Менавіта ў добрых справах і падтрымцы павінна жыць наша памяць і ўдзячнасць у дачыненні да тых, хто адстаяў мір на роднай зямлі і ўзняў з руін і попелу знішчаныя гарады і вёскі.
Галіна КАЗАК,
фота аўтара.
Оставить комментарий