11 чэрвеня 2026 года прайшла 21 сесія раённага Савета дэпутатаў пад старшынствам старшыні раённага Савета дэпутатаў Віталія Пілера. У рабоце сесіі прыняў удзел старшыня Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Іван Крупко.
На парадак дня было вынесена пытанне “Аб зацвярджэнні на пасадзе старшыні раённага выканаўчага камітэта”. Кандыдатуру на гэту пасаду назначае старшыня аблвыканкама, затым узгадняе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь і зацвярджаюць на сесіі раённага Савета дэпутатаў.
Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь на пасаду старшыні Петрыкаўскага раённага выканаўчага камітэта ўзгоднены Яўгеній Шкробат. Дэпутаты адкрытым галасаваннем падтрымалі кандыдатуру Яўгенія Сяргеевіча, а старшыня аблвыканкама ўручыў новае службовае пасведчанне. Каменціруючы назначэнне новага кіраўніка, Іван Крупко выказаў упэўненасць у далейшым паступальным развіцці раёна. Звяртаючыся да дэпутацкага корпуса і прысутных кіраўнікоў, губернатар адзначыў, што Петрыкаўшчына мае добрыя перспектывы, і ад эфектыўнай работы кожнага будзе залежаць агульны поспех.
Сярод прыярытэтаў работы новага кіраўніка раёна – развіццё АПК, добраўпарадкаванне тэрыторый, паляпшэнне дарожнай і сацыяльнай інфраструктуры.
– Я шчыра ўдзячны за давер, які мне аказаны, – адзначыў Яўгеній Сяргеевіч. – Для мяне вялікі гонар узначаліць Петрыкаўскі раён. Са свайго боку я прыкладу ўсе намаганні для яго далейшага развіцця і працвітання. Я перакананы, што толькі сумеснымі намаганнямі, аб’яднаўшы нашы веды, вопыт і энергію, мы зможам дасягнуць пастаўленых мэт.
Старшыня Петрыкаўскага райвыканкама запэўніў, што яго праца будзе накіравана на развіццё раёна і рэгіёна ў цэлым, усе пастаўленыя задачы будуць выкананы.
Нарадзіўся Яўгеній Шкробат у вёсцы Буйнавічы Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці. У 2011 годзе закончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію.
Працоўную дзейнасць пачынаў заатэхнікам-селекцыянерам малочнатаварнай фермы “Маяк” аддзялення Пакалюбічы ААТ Агракамбінат “Паўднёвы”, затым намеснікам начальніка МТФ “Пакалюбічы”.
Пасля службы ва Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь працягнуў працоўную дзейнасць ў якасці брыгадзіра МТК “Тварычаўка”, заатэхніка-селекцыянера КСУП “Козенкі-Агра”, заатэхніка-селекцыянера Мазырскага філіяла РСУП “Гомельдзяржспрадпрыемства”, начальніка ўчастка буйной рагатай жывёлы аддзялення № 1 і галоўнага заатэхніка КСУП “Саўгас-камбінат “Зара”, спецыяліста філіяла і спецыяліста тэхналагічнага аддзела ЗАТ “Консул”. У свой час займаў пасады намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, першага намесніка – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Мазырскага раённага выканаўчага камітэта.
З лютага 2023 па 11 чэрвеня 2026 – першы намеснік старшыні – начальнік ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Жыткавічскага раённага выканаўчага камітэта.
З 12 чэрвеня 2026 – старшыня Петрыкаўскага раённага выканаўчага камітэта.
Марыя ТАМКО, фота аўтара.







Оставить комментарий