Усе пладовыя культуры пасля зімы патрабуюць абароны ад шкоднікаў і хвароб. Якія меры неабходна прымаць ранняй вясной для гэтага – падзялілася вядучы аграном Петрыкаўскай раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін Алена Малашчанка.
– Ранняй вясной у фазе спячых почак дрэвы неабходна абрэзаць, выдаліць засохлыя, пашкоджаныя ракавымі захворваннямі галінкі з захопам не менш за 10 сантыметраў здаровай ткані. Ракавыя раны зачышчаюць, дэзынфіцыруючы 1%-ым растворам меднага купарваса або наносяць лячэбную замазку – гліна і каравяк адзін к аднаму, гліны з даданнем “Азофоса”.
Для папярэджання сонечных апёкаў ствалоў і галінак праводзяць пабелку садовай фарбай, вапнавым растворам.
У вясновы перыяд рэкамендуецца апрацаваць сад не менш за 4 разы.
Першую апрацоўку праводзяць па голых галінках бардоскай сумессю 3%, прэпаратамі “Хорусам”, “Хомам”, сумессю меднага купарваса і карбаміду, жалезным купарвасам – 300 грамаў на 10 літраў вады.
Другая апрацоўка праводзіцца, калі тэмпература паветра ўсталёўваецца ў межах +10 – +18 0С – прыблізна праз два тыдні пасля першай апрацоўкі. Для знішчэння шкодных насякомых дрэвы апырскваюць прэпаратамі “Инта-Виром”, “Арриво”, “Карате”, “Фастаком”, “Танреком”, “Фитоспарином” “Скора” або яго аналагам “Раек”.
Трэцюю апрацоўку право-дзяць па ружовым бутоне, калі ён сфарміраваны, але яшчэ не раскрыўся. Для апырсквання прымяняюць сумесь “Инта-Вир” “Детис”, “Фастак” “Актара”, “Азофос”, “Медея”, “Кумулус”.
Выкарыстанне ядахімікатаў падчас квецені – катэгарычна забаронена!
Пасля заканчэння квецені – праз 6-12 дзён сад мае патрэбу яшчэ ў адным апырскванні. Пры вялікім скопішчы тлі і лістакрутак набывайце “Инта-Виром” “Актарой”. У барацьбе з паршой яблыні да названых інсектыцыдаў дадаюць фунгіцыды: “Азофос”, “Скор” “Стробі”, выкарыстоўваюць 0,2%-ы раствор борнай кіслаты.
На ўсіх пералічаных прэпаратах для апрацоўкі саду маецца інструкцыя, якой патрэбна прытрымлівацца.
Для атрымання добрага ўраджаю неабходна выконваць тэрміны апрацоўкі саду і рэкамендаваныя нормы расходу прэпаратаў, апырскванне саду праводзіць толькі ў сухое, бязветранае надвор’е – раніцай ці ўвечары. Дабіцца жаданага эфекту дапаможа дробнадысперсны апырсквальнік.
Усім садаводам – поспехаў і добрых ураджаяў!
Запісала Святлана СОБАЛЕВА.








Оставить комментарий