На “гарачую лінію” рэдакцыі “Петрыкаўскіх навін” працягваюць паступаць званкі ад землякоў.
На гэты раз занепакоеныя жыхары дома па вуліцы Розы Люксембург падзяліліся праблемай, якая, на першы погляд, здаецца дробяззю, але на справе ператварылася ў штодзённы галаўны боль.
– Нядаўна ў нашым доме быў праведзены капітальны рамонт. Мы шчыра радаваліся гэтай падзеі. Аднак пасля завяршэння работ будаўнікі пакінулі пасля сябе непрыемны “сюрпрыз”: урна для смецця была ўсталявана пасярод кветніка. Атрымліваецца, каб выкінуць смецце, людзі вымушаны таптаць расліны, – дзялілася жанчына на тым канцы провада.
Сапраўды, сітуацыя выглядае як мінімум непрадуманай. Цяпер перад жыхарамі стаіць дылема: ці варта наогул высаджваць кветкі, калі яны ўсё роўна будуць знішчаны пад нагамі мінакоў, якія ідуць да ўрны? Атрымліваецца, што замест прыгожага зялёнага кутка тэрыторыя рызыкуе ператварыцца ў вытаптаную пляцоўку.
Мы спадзяемся, што публікацыя стане сігналам для адпаведных службаў. Перанесці ўрну на некалькі метраў убок – справа не такая ўжо і складаная, але для жыхароў гэта будзе знакам таго, што іх праца па добраўпарадкаванні свайго двара сапраўды цэніцца.
Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.







Оставить комментарий