Калі Петрыкаўшчына патанала ў гурбах, а завіруха сцірала межы паміж дарогай і ўзбочынай, большасць з нас марыла толькі аб адным – хутчэй апынуцца дома. А дарожнікі і камунальнікі працавалі. Самааддана. Напружана. Круглыя суткі.
Па інфармацыі дырэктара ДРБУ-112 Івана Хамца, у пікавыя па інтэнсіўнасці ападкаў дні, на дарогах раёна працавала 45 адзінак тэхнікі.
– Да змагання са стыхіяй далучыліся ўсе арганізацыі Петрыкаўшчыны, за што мы ім шчыра ўдзячны. Круглыя суткі па дарогах раёна курсіравалі 12 адзінак нашай тэхнікі. Больш за 540 кіламетраў дарог агульнага карыстання і амаль 300 кіламетраў вуліц сельскіх населеных пунктаў – наша зона клопату і адказнасці ў гэтыя снежныя дні. А калі ўлічыць, што па акрэсленых маршрутах давялося прайсці 5-6 разоў, то выраз “праца на мяжы магчымасцяў” не здаецца ўжо нечым пафасным, – пазначыў Іван Андрэевіч.
Сярод герояў “снежнага супрацьстаяння” – Юрый Сухоцкі, для якога ў дні разгулу стыхіі чыстыя дарогі былі важней за ўласны адпачынак, а яго 10-тонны МАЗ стаў для жыхароў раёна сімвалам надзеі на тое, што шлях дадому будзе адкрыты.
Змена Юрыя Герасімавіча гэтымі днямі доўжылася па 14-15 гадзін. І гэта не проста лічбы ў табелі, гэта сотні кіламетраў у белым палоне, дзе за лабавым шклом – толькі бясконцая сцяна снегу і святло фар. Пакуль горад і вёскі спалі, ён адваёўваў дарогу ў стыхіі, расчышчаючы заносы, каб раніцай школьныя аўтобусы, машыны хуткай дапамогі, аўталаўкі маглі бесперашкодна праехаць. Гэта цяжкая фізічная і эмацыйная праца: канцэнтрацыя ўвагі на мяжы, гул матора і бясконцая белая заслона перад вачыма.
– Моцная кава і любімая радыё-хваля – мая надзейная кампанія ў гэтай доўгай начной вахце, – падзяліўся наш герой.
Самымі цяжкімі выдаліся дзяжурствы на ўчастках дарог у бок аддаленых вёсак, дзе перамёты ўтвараліся ўсяго за пару гадзін.
І ўсё ж Юрый Герасімавіч ставіцца да такіх звышнагрузак спакойна, з мудрасцю дасведчанага дарожніка:
– У такія моманты не думаеш пра стомленасць ці пра тое, што змена даўно скончылася. Ты проста ведаеш: калі не пройдзеш тут зараз, людзі ў вёсках застануцца адрэзанымі ад свету. Цяжкасці – яны часовыя, снег сыдзе, а сумленне павінна быць чыстае. Праца ў нас такая: пакуль дарога не адкрытая, дадому ехаць рана.
Такія людзі не шукаюць славы. Для іх лепшая ўзнагарода – гэта чысты асфальт у люстэрку задняга выгляду і ўпэўненасць у тым, што шлях для землякоў бяспечны.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.






Оставить комментарий