Неаднаразова даводзілася чуць, што беларускія гаспадыні ў апошні час “адкрылі” для сябе рапсавы алей – адзін з самых распаўсюджаных відаў расліннага алею ў свеце.

На днях стала сведкай, як у адной з крам горада жанчына пры набыцці алею перавагу аддала менавіта дадзенаму віду. Гэта мяне зацікавіла. У чарзе пазнаёміліся з зямлячкай, разгаварыліся. Маёй суразмоўцай аказалася жыхарка вёскі Забалацце Жанна Калеснікава.
– Рапсавы алей я ўпершыню набыла гадоў сем таму, – дзеліцца зямлячка. – Скажу шчыра, ён мне тады падаўся з нейкім прысмакам і не “зачапіў”. Не так даўно я паспрабавала такі алей у сяброўкі. Вынік мяне здзівіў: у адрозненне ад некаторых іншых раслінных алеяў, ён меў вельмі слабы, амаль неадчувальны смак і водар. Несумненна, сучасныя метады дазволілі атрымліваць гэты айчынны прадукт высокай якасці.
У Беларусі аб’ёмы вытворчасці рапсавага алею дасягаюць каля 60 тысяч тон у год, з якіх каля 20 тысяч тон паступае на ўнутраны рынак. Асноўныя вытворцы рапсавага алею ў Беларусі: Гомельскі тлушчавы камбінат, Бабруйскі завод раслінных масел і Мінскі маргарынавы завод. Беларускі рапсавы алей адпавядае ўсім якасным характарыстыкам, праходзіць спецыяльны кантроль, прычым на ўсіх стадыях: ад алейнага насення да выпуску гатовай прадукцыі.
Суразмоўца прызналася: час ад часу набывае прадукт з насення рапсу, бо дзякуючы сваім якасцям, той стаў ідэальным для выпечкі і прыгатавання традыцыйных беларускіх страў.

Пра тэндэнцыю росту папулярнасці рапсавага алею сведчаць і словы прадаўца крамы Жыткавіцкага філіяла аблспажыўтаварыства “ПраЗапас” Алены Дзямідавай. Работнік гандлю адзначыла, што дадзены прадукт карыстаецца попытам, і землякі цікавяцца яго наяўнасцю. У краме прадстаўлены тры віды рапсавага алею і кожны з іх ужо мае сваіх прыхільнікаў. Выбіраюць яго з улікам асабістых пераваг, звяртаючы ўвагу на спосаб адціску і ступень ачысткі.
– Фактарамі, якія прывабліваюць пакупнікоў, з’яўляюцца ў тым ліку прымальны кошт алею і якасць – пакупнікі адзначаюць, што прадукта “надоўга хапае”. А пры правільным захоўванні тавар не губляе сваіх якасцей, – раскрывае сакрэты Алена Леанідаўна.
Акрамя эканамічнасці і ўніверсальнасці, дадзены прадукт, як я даведалася з афіцыйных крыніц, валодае шэрагам карысных для здароўя ўласцівасцей: з’яўляецца выдатнай крыніцай монаненасычаных і поліненасычаных тлустых кіслот, у тым ліку амега-3 і амега-6, якія неабходныя для нармальнага функцыянавання арганізма, мае нізкі ўзровень насычаных тлушчаў
Адна сталовая лыжка рапсавага алею змяшчае сутачную норму спажывання амега-3, а ў 100 грамах алею прыблізна столькі ж незаменных амінакіслот, як у 210 грамах ласося, 700 грамах міндалю або 400 грамах грэцкага арэха.
Таму, паважаныя землякі, калі вы яшчэ не спрабавалі рапсавы алей, то самы час звярнуць на яго ўвагу.
Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.







Оставить комментарий