Даследчык, лідар і творчая асоба

0
180

Даследчык, лідар і творчая асоба

Снягурка на навагоднім ранішніку, кошка ў казцы “РЭП-ка”, выхаванка дзіцячага ўзорнага ансамбля танца “Верасок”, удзельніца фальклорных, танцавальных і краязнаўчых конкурсаў, лідар першаснай арганізацыі БРСМ школы, удзельніца алімпіяднага руху па рускай мове і юны даследчык роднай мовы і літаратуры – усё гэта пра вучаніцу 10 класа ДУА “Капаткевіцкая сярэдняя школа” Мілену Кароткую.

Наша гераіня паспявае паўсюль – давялося вельмі пастарацца, каб пагутарыць з дзяўчынай. Напаткалі мы Мілену ў Капаткевіцкім гарадскім доме культуры, дзе і пагутарылі ў перапынку паміж дзвюх рэпетыцый: ансамбля танца “Верасок” і навагодняга ранішніка.
Нагода сустрэцца з дзяўчынай самая што ні на ёсць слушная: Мілена атрымала дыплом ІІ ступені на XХІІІ міжнароднай канферэнцыі вучэбна-даследчых работ вучняў “Мележаўскія чытанні”. Мерапрыемства праходзіла ў ДУА “Гімназія №36 г. Гомеля імя І.Мележа”. Журы адзначыла высокі ўзровень ведаў і даследчых навыкаў Мілены, якая прадстаўляла Петрыкаўскі раён.
На гэтай канферэнцыі дзяўчына прэзентавала даследчую работу “Я буду маліцца і сэрцам, і думамі…” У працы разглядалася малітва як літаратурны жанр.
Мілена расказала, што тэму працы падказаў верш Генадзя Бураўкіна “Мая малітва”, які ёй вельмі спадабаўся. Менавіта гэты твор стаў штуршком для пачатку працы. Дзяўчыне падабаецца займацца даследчай працай: чытаеш, аналізуеш, параўноўваеш, робіш вынікі, а потым дзелішся напрацаваным з аўдыторыяй. А ўдзел у абласной канферэнцыі – гэта яшчэ і магчымасць параўнаць сябе з іншымі юнымі даследчыкамі, адчуць, чаго ты годны.
У XХІІІ канферэнцыі вучэбна-даследчых работ вучняў “Мележаўскія чытанні” прынялі ўдзел 113 вучняў з навучальных устаноў Гомельскай вобласці і Расійскай Федэрацыі. Наша зямлячка прадстаўляла сваю даследчую работу ў секцыі “Мова зямлі маёй”.
Юная даследчыца прызнаецца, што работы іншых удзельнікаў слухала з задавальненнем. Сярод іх было шмат цікавых і змястоўных.
Кіраўнік даследчай працы Мілены Кароткай – Наталля Асіпчык, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Капаткевіцкай сярэдняй школы. Педагог пастаянна займаецца са сваімі вучнямі даследчымі працамі, якія прадстаўляюць як на канферэнцыі даследчых работ вучняў “Пошук”, так і на іншых конкурсах і канферэнцыях. Напрыклад, у Міжнароднай канферэнцыі “Мележаўскія чытанні” Наталля Асіпчык са сваімі вучнямі ўдзельнічае ўжо на працягу 5 гадоў.
Віншуем Мілену Кароткую і яе кіраўніка і жадаем далейшых поспехаў у даследаваннях.

Надзея Сігай,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о