Напачатку тыдня Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прымала форум “Жанчына і будучыня вёскі”.
Петрыкаўшчыну на дадзеным мерапрыемстве прадстаўляла Тамара Стакан – загадчык Капцэвіцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі.

Тамара Аляксееўна – урач вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі і “Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”. У 2024 годзе жанчына была ўрачыста ганаравана гэтага высокага звання за шматгадовую добрасумленную працу і значны ўклад у развіццё менавіта сельскай медыцыны. Раней, у 2022 годзе, яна была прызнана пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Урач года Рэспублікі Беларусь” у намінацыі “Урач агульнай практыкі”.
Па завяршэнні форуму мы сустрэліся з Тамарай Аляксееўнай, каб даведацца пра ўраджанні ад рэспубліканскай урачыстасці, прымеркаванай да Міжнароднага жаночага дня і Году беларускай жанчыны, і апошнія навіны ў прафесійным і асабістым жыцці.
– Вельмі прыемна, што маю працу так высока ацанілі і мне надарылася магчымасць стаць адной са 118 удзельніц такога важнага мерапрыемства, – пасля слоў віншавання адзначыла Тамара Аляксееўна і дадала: – Сустрэча пакінула самыя цёплыя ўражанні: гэта была шчырая размова пра будучыню, пра захаванне і развіццё сэрца нашай краіны – сельскіх тэрыторый. Вярнулася натхнёная, з вялікім жаданнем і надалей служыць любімай справе – клапаціцца пра здароўе сваіх пацыентаў.
Загадчык амбулаторыі даволі сціпла і ў той жа час з вялікай любоўю распавяла пра нюансы работы сельскай амбулаторыі і дружны калектыў аднадумцаў, які ўзначальвае без малога 13 гадоў. З вышыні свайго прафесійнага вопыту Тамара Аляксееўна цвёрда пераканана: паспяховым і запатрабаваным спецыялістам можна быць не толькі ў прэстыжным медыцынскім цэнтры ці клініцы, але і ў сельскай амбулаторыі. Так, 15 гадоў таму наша гераіня кардынальным чынам змяніла сваё жыццё: працы ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека, дзе яна, кандыдат медыцынскіх навук, вопытны імунолаг-алерголаг, карысталася заслужаным аўтарытэтам і павагай, аддала перавагу вясковай практыцы і пераехала з мужам і трыма сынамі ў сельскую мясцовасць.
Як падзялілася наша гераіня, вялікая прафесійная загружанасць яе і мужа, у нейкі момант стала прычынай таго, што яны перагледзелі жыццёвыя арыенціры на карысць дзяцей.
– Час паказаў, што рашэнне пераехаць было правільнае. Нашы дзеці атрымалі належнае выхаванне і адукацыю, прывучаны да фізічнай працы: умеюць і любяць працаваць на зямлі, даглядаць жывёлу, майстраваць з дрэва і каваць метал. Старэйшыя выраслі, жывуць і працуюць у Гомелі, малодшы – вучань 10 класа Капцэвіцкай школы.
Што да прафесійных амбіцый, то іх наша гераіня не мела ніколі, а вось прафесійную практыку Тамара Аляксееўна па-ранейшаму мае багатую і разнастайную. На сённяшні дзень у зоне прафесійнага клопату ўрача – амаль 1600 чалавек, 254 з іх – дзеці.
– Ні адміністрацыйная, ні навуковая праца не захапляюць мяне настолькі, як жаданне разабрацца ў кожным дыягназе, знайсці прычыну захворвання. Лячыць – гэта на ўсе 100% мая справа, – шчыра зазначае суразмоўца і дадае: – Не надта вялікая загружанасць – прымаю ў дзень каля 30 пацыентаў – дазваляе пагутарыць з кожным чалавекам і глыбока ўнікнуць у яго праблемы са здароўем. Часам лячэнне пачынаецца з душы
Пра што марыць загадчык Капцэвіцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі – толькі пра тое, каб пацыенты мелі больш адказнасці за ўласнае здароўе. І робіць для гэтага наша суразмоўца нямала: так,на працягу некалькі гадоў у мясцовай установе адукацыі паспяхова дзейнічае “Школа здароўя”, на занятках якой Тамара Аляксееўна распавядае пра тое, наколькі важна клапаціцца пра стан уласнага здароўя, фарміраваць карысныя звычкі ў ладзе жыцця, харчаванні. Падобныя заняткі, якія будуць змяшчаць сінергію тэорыі і практыкі, марыць арганізаваць і для дарослага насельніцтва. Тлумачыць сваё жаданне займацца “медыцынскім лікбезам” насельніцтва наступным: стан здароўя чалавека толькі на 25 % залежыць ад медыкаў, яшчэ 25 % – гэта гены і экалогія, а 50% –лад жыцця, звычкі і канешне ж прафілактыка захворванняў.
– За прэвентыўнай медыцынай – будучыня, – пераканана наша гераіня.
Што да прафесійных перамог, то, па словах Тамары Аляксееўны, галоўнае яе дасягненне – адсутнасць абортаў на працягу некалькіх апошніх гадоў. Работа праводзіцца доволі сур’езная, а вынік гаворыць сам за сябе. Будучае вёскі – у нашых руках, пераканана наша гераіня. Доктара свайго пацыенты не проста паважаюць, а ва ўсім ёй давяраюць і да парад яе прыслухоўваюцца, бо адчуваюць уважлівае стаўленне да сябе і непадробны клопат.
– У святочны сакавіцкі дзень шчыра жадаю вам самага галоўнага – моцнага здароўя! Няхай у вашых сем’ях заўсёды пануюць гармонія і ўзаемаразуменне, а кожны новы дзень прыносіць толькі добрыя навіны і нагоды для ўсмешак. Няхай вясна расцвітае ў вашых душах незалежна ад надвор’я за акном, а каханне і падтрымка блізкіх будуць вашай надзейнай апорай, – адрасавала сваё пажаданне жанчынам Петрыкаўшчыны Тамара Стакан.
Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о