Дэпутат палаты Прадстаўнкоў Нацыянальнага сходу РБ Святлана Сянько, старшыня райсавета Віталій Пілер, старшыня Бабуніцкага сельсавета Сяргей Харланаў знаёмяцца з ходам рэалізацыі Указа № 116 ў вёсцы Міхедавічы.
За апошнія гады ў сферы зямельных пытанняў прынята шмат важных рашэнняў. Новы імпульс гэтай тэме надаў Указ № 116 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі”.
Сельская мясцовасць – гэта не толькі аснова харчовай бяспекі краіны, але і неад’емная частка яе культурнай і гістарычнай спадчыны. На жаль, населеныя пункты, кожны ў сваёй меры, сутыкаюцца з праблемай пустуючых і лядашчых дамоў. Такія дамы, часта старыя і закінутыя, не толькі псуюць знешні выгляд вёсак, аграгарадкоў, але і ўяўляюць сабой пагрозу. У гэтым кантэксце набывае важнае значэнне пытанне навядзення парадку на зямлі.
Мы звярнуліся да старшыні раённага Савета дэпутатаў Віталія Пілера, каб даведацца, як у гэтым напрамку ў адыходзячым годзе спрацавалі сельскія Саветы.
– За 2025 год на Петрыкаўшчыне праве-дзена значная работа па рэалізацыі Указа №116. Усе органы мясцовага самакіравання праявілі адказнасць і мэтанакіраванасць у выкананні пастаўленых задач, – адзначыў Віталій Уладзімравіч. – Станоўчы прыклад у гэтым плане паказалі Капцэвіцкі сельскі Савет – ліквідавана 12 дамоў, Пціцкі сельскі Савет – 11, па 6 у Чалюшчавіцкім і Бабуніцкім. Ёсць Саветы – Муляраўскі, Галубіцкі, Колкаўскі, дзе гэтыя лічбы значна меншыя, але і яны маюць важнае значэнне для агульнага развіцця сельскіх населеных пунктаў, паляпшэння іх эстэтычнага выгляду і стварэння больш камфортнага асяроддзя для жыхароў Петрыкаўшчыны.
За 2025 год у межах рэалізацыі Указа №116 ліквідавана 62 дамы ( 2024 год – 59). З іх, 59 – Сельскімі Саветамі па рашэнню суда Петрыкаўскага раёна, 3 – уласнікамі.
– Палітыка дзяржавы, якая праводзіцца ў галіне зямельных адносін, дае свой плён, – адзначыў старшыня райсавета. – Кіраўнік дзяржавы зрабіў правільны акцэнт: неабходна граматна выкарыстоўваць пустуючыя ўчасткі ў межах населеных пунктаў. Ствараць умовы, каб людзі выкуплялі іх для далейшага карыстання, задзейнічаць у севазварот, прымяняць у лясной гаспадарцы.
У 2025 годдзе перададзена сельгаспрадпрыемствам больш за 12 гектараў вызваліўшыхся зямель для севаабароту.
2 пустуючыя дамы былі выкупленныя жыхарамі Пціцкага і Конкавіцкага сельскіх Саветаў.
Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.




Оставить комментарий