Сёння адзначаецца Сусветны дзень бухгалтара. Падзея стала выдатнай нагодай згадаць пра людзей, чыя праца, хоць і не заўсёды навідавоку, з’яўляецца краевугольным каменем любой арганізацыі. Гераіні нашага аповеду – пачынаючы бухгалтар і бухгалтар з больш як дваццацігадовым стажам, прыклад таго, як прафесія можа перадавацца ад маці да дачкі.
З бухгалтарамі ААТ “Палессе-Аграінвест” Аксанай Піскун і Анастасіяй Насека мы сустрэліся ў адміністрацыйным будынку сельгаспрадпрыемства. Маці з дачкой дзеляць адзін кабінет, дзе іх працоўныя сталы са шматлікімі папкамі, табліцамі, сведчаць аб штодзённай карпатлівай працы. Кожная займаецца сваімі службовымі абавязкамі па ўчастку: у полі адказнасці Аксаны Мікалаеўны справаздачы па паліве і медыкаментах, Анастасіі Яўгеньеўны – гатовай прадукцыі, таварах, насенні, ядах. Гэтыя ўчасткі адны з самых адказных, патрабуюць дакладнасці і ўважлівасці да кожнай дэталі. Маштабы прадпрыемства абумоўліваюць высокі ўзровень нагрузкі на бухгалтэрыю, і гераіні аповеду паспяхова спраўляюцца з пастаўленымі задачамі.
– Нягледзячы, што ўвесь дзень працуем разам, “бухгалтарскую” тэму ўсё роўна пераносім дадому: калі два чалавекі ў адной прафесіі і жывуць пад адным дахам, як не старайся, гэтага не мінаваць, – рэзюмуе як факт старэйшая з гераінь у пачатку нашай размовы.
Аксана Мікалаеўна родам з Макарыч. Трэцюю ступень навучання заканчвала ў Галубіцкай сярэдняй школе, і менавіта тады вырашыла звязаць сваё прафесійнае жыццё з лічбамі.
– Са школьнай парты сябравала з матэматыкай – цікавасць да прадмета прывіў мне яшчэ ў час вучобы ў базавай школе Георгій Пятровіч Галіцкі. Мяне вабіла прафесія, дзе ты сам адказваеш за ўласныя дзеянні. Таму пасля атрымання атэстата пайшла працаваць бухгалтарам у Райпо, адначасова паступіўшы на завочную форму навучання ў Гомельскі гандлёва-эканамічны каледж на спецыяльнасць “Бухгалтарскі ўлік”. У спажывецкай кааперацыі адпрацавала дзесяць гадоў, і ўжо столькі ж – у “Палессі-Аграінвест”, – дзеліцца жанчына.
Суразмоўца успамінае, як дачка са старэйшых класаў пачала “прыглядацца” да яе прафесійных абавязкаў:
– Я часта дадому прыносіла дакументацыю, і Насця назірала за працэсам падлікаў, разлікаў. Часам сама брала ў рукі калькулятар і дапамагала “закругліць” справаздачу.
– Неяк само так склалася, што я пачала цікавіцца гэтым працэсам. Гэта не супадзенне, што я выбрала такую прафесію, як у маці. Хутчэй, гэта мой усвядомлены выбар, які, у тым ліку, быў натхнёны прыкладам роднага мне чалавека, – падтрымлівае размову маладая зямлячка. – Таксама на такое рашэнне паўплываў і той факт што ў першай гарадской школе, якую я заканчвала, настаўнікі зацікавілі мяне матэматыкі. Сёння я з удзячнасцю ўспамінаю Таццяну Мікалаеўну Кірдзееву, Кацярыну Мікалаеўну Кот, якія прывілі жаданне звязаць з лічбамі прафесійнае жыццё.
Пасля школы Анастасія Насека падала дакументы ў Гомельскі аграрна-эканамічны каледж на спецыяльнасць «Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль». Хоць, як прызнаецца спецыяліст, з яе сярэднім балам у атэстаце яна смела магла прайсці на бюджэтнае навучанне. Але сям’я мела свае планы: маці і дачка былі зацікаўлены, каб Анастасія прыйшла працаваць на Петрыкаўшчыну, таму і скарысталіся магчымасцю, узяўшы мэтавае накіраванне.
Атрымаўшы сярэдне-спецыяльную адукацыю малады спецыяліст прыйшла на першае месца працы ў “Палессе-Аграінвест”, дзе яе настаўнікам стала маці. На пытанне: ці лёгка пачынаць прафесійны шлях пад яе кантролем, Анастасія адказала: і лёгка, і адказна.
Аксана Мікалаеўна дадае, што спачатку дачцэ патрэбна была яе дапамога, але сёння тая ўжо сама выдатна спраўляецца:
– Сённяшняя моладзь – прасунутая, можа і вопытным работнікам падказаць навінкі ў прафесійным плане. Тым больш, што Анастасія атрымлівае вышэйшую адукацыю ў БелГУТе па спецыяльнасці “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт”. Я назіраю за яе адказнымі адносінамі да справы і думаю, што яна зрабіла правільны прафесійны выбар.
У буднях маіх гераінь ёсць месца і для творчасці, якая дазваляе пераключыцца з сухіх лічбаў на больш душэўныя справы. Анастасія прыгожа малюе – яе малюнкі ўпрыгожваюць нават сцяну ў рабочым кабінеце.
Дзяўчына прызнаецца, што любіць гэтаму занятку прысвяціць вольны час, хоць, як аказалася – яго ў маладога бухгалтара практычна няма. Акрамя выканання службовых абавязкаў, падрыхтоўкі да сесій ва ўніверсітэце, яна паспявае развівацца ў іншых напрамках: нядаўна атрымала правы на кіраванне аўтамабілем, увасобіла сваю мару – асвоіла шыццё на швейнай машынцы.
Ёсць у гераінь аповеду і агульны занятак, які іх аб’ядноўвае – гэта вышыванне бісерам па прынту. Маці і дачка цэняць час праведзены разам: і ў віхуры працоўных будняў, дзе яны падтрымліваюць адна адну, і ў зацішку роднага дому, дзе пануе сапраўдная цеплыня.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота Марыі ТАМКО.





