Міжнародная федэрацыя хакея афіцыйна пацвердзіла, што мужчынская дарослая і маладзёжная зборныя Беларусі не будуць дапушчаны да ўдзелу ў чэмпіянатах свету 2027 года.
Прычыны такога рашэння – пытанні бяспекі, абарона ўдзельнікаў, бягучыя арганізацыйныя ўмовы, уключаючы расклад, продаж білетаў і лагістыку.
Навіна ўскалыхнула спартыўную грамадскасць па ўсім свеце. Заўзятары, спартсмены і эксперты выказваюць сваю нязгоду з рашэннем IIHF, задаючыся пытаннем аб межах умяшання палітыкі ў спорт. У сацыяльных сетках і на спартыўных пляцоўках гучаць словы падтрымкі ў адрас беларускіх хакеістаў, якія пазбаўляюцца магчымасці праявіць сябе на міжнароднай арэне.
Федэрацыя хакея Беларусі не засталася ўбаку і выказала сваю катэгарычную нязгоду з такім рашэннем. Раней дысцыплінарная калегія арганізацыі часткова задаволіла апеляцыю беларускага боку, прызнаўшы, што спасылкі на бяспеку былі недастаткова абгрунтаваныя. Аднак, нягледзячы на гэта, Савет IIHF палічыў немагчымым неадкладнае вяртанне каманд у сетку турніру 2027 года. У гэтай сітуацыі ФХБ разглядае магчымасць звароту ў Спартыўны арбітражны суд.
Сітуацыя з беларускім хакеем зноў уздымае вострае пытанне аб уплыве палітыкі на спорт. Спартыўныя арганізацыі павінны заставацца нейтральнымі і засяродзіцца на развіцці сваіх прынцыпаў, а не станавіцца пляцоўкай для амбіцыёзных рашэнняў. Спартсмены павінны спаборнічаць на роўных умовах, незалежна ад палітычнай сітуацыі ў іх краінах.
Святлана СОБАЛЕВА.




