Эканаміст – патрэбны ў гаспадарцы спецыяліст

0
11

На старонках нашай газеты мы традыцыйна знаёмім вас, паважаныя чытачы, з маладымі спецыялістамі, якія пачынаюць свой прафесійны шлях на Петрыкаўшчыне. Мы сустрэліся з Янай Клімянок – эканамістам ААТ “Чалюшчавічы”.

Шлях маладога эканаміста – гэта спалучэнне ўпартасці, пастаяннага навучання і ўмення бачыць сутнасць за лічбамі. Прыходзячы ў аграрны сектар, чалавек дадзенай прафесіі не проста вядзе ўлік – ён становіцца архітэктарам эканамічнай стабільнасці, ад якой залежыць дабрабыт не толькі асобнага прадпрыемства, але і паказчыкі раёна ў цэлым.

Гераіня аповеду родам з Брагіншчыны. Пасля заканчэння Гомельскага аграрна-эканамічнага каледжа па размеркаванні прыехала ў Петрыкаў і з 10 жніўня 2026 года прыступіла да працы ў ААТ «Чалюшавічы». Першыя ўражанні ад Петрыкава ў Яны станоўчыя:

– Горад вельмі ўтульны. Тут адчуваецца спакой і асаблівая цеплыня, – дзеліцца суразмоўца. Важна, што маладому спецыялісту былі створаны ўсе ўмовы для пачатку працоўнага шляху: прадастаўлена арэнднае жыллё ў райцэнтры, а да месца працы гаспадаркай арганізаваны падвоз.
На пытанне, як эканаміст выбрала прафесію, Яна адказвае без ваганняў:

– Прафесію выбрала самастойна. У маёй сям’і было з каго браць прыклад: мама, Алена Кліменок, працуе бухгалтарам, цёця, Святлана Забалотнікава – таксама звязана з фінансавай сферай.

У абавязкі маладога эканаміста ўваходзіць шырокі спектр задач: разлік сабекошту прадукцыі, аналіз фінансава-гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства, падрыхтоўка справаздачнасці, кантроль за выкананнем планавых паказчыкаў і ўдзел у планаванні вытворчасці. Праца патрабуе ўважлівасці і дакладнасці, але Яне гэта падабаецца.

– Прымяняю на практыцы атрыманыя веды. Не хаваю, спачатку было складана – новая сфера і новыя абавязкі, але паступова адаптавалася і сёння магу з упэўненасцю сказаць, што выбрала правільны шлях.

Нягледзячы на тое, што малады спецыяліст трапіла ў незнаёмы раён, за час працы дзяўчына зразумела: яна на сваім месцы.

– За мной замацаваны вопытны спецыяліст – Юлія Ёрш. Яна дапамагае мне ўнікаць ва ўсе тонкасці работы. Побач з такім настаўнікам спакайней рабіць першыя крокі ў прафесіі, – распавядае эканаміст.

Яна адзначае, што калектыў сельгаспрадпрыемства – гэта людзі, якія заўсёды гатовыя дапамагчы, чулыя і шчырыя. Гэта стварае спрыяльную атмасферу для прафесійнага росту і асабістага развіцця.

– Буду імкнуцца зрабіць нямала добрых спраў на карысць гаспадаркі, людзей, якія жывуць і працуюць побач, – дадала напрыканцы гутаркі малады эканаміст.

Жадаем Яне Ігараўне поспехаў у прафесійнай дзейнасці, упэўне-насці ў заўтрашнім дні, асабістага шчасця на петрыкаўскай зямлі.

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

0 0 голоса
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные