Наведванне аграгарадка Бабунічы пакінула ў карэспандэнтаў “Петрыкаўскіх навін” самыя добрыя ўражанні. Уся справа ў той асаблівай атмасферы, якую ствараюць самі людзі.

Вяскоўцы шчырыя да размовы і адкрыта расказваюць пра навіны. Так, мы даведалася, што з “культурным” жыццём у населеным пункце ўсё ў парадку.
Як аказалася, часаправядзенне насельніцтва ў полі адказнасці маладога і энергічнага кіраўніка мясцовага дома культуры. Са слоў землякоў, Марыне Некрашэвіч удалося захаваць добрыя традыцыі і ўдыхнуць новае жыццё ў дзейнасць установы. Усё пачутае стала нагодай завітаць у філіял “Бабуніцкі цэнтр культуры і вольнага часу”.
Ёсць людзі, якія сваёй энергіяй, мэтанакіраванасцю і здольнасцю дасягаць пастаўленых мэт натхняюць на ўсё гэта другіх. Марына Некрашэвіч – менавіта з такіх. Сама родам з Брынёва, са школьных гадоў праяўляла актыўнасць і зацікаўленасць у жыцці ўстановы, што сведчыла пра яе адкрыты характар і жаданне быць у цэнтры падзей. Менавіта любоў да творчасці прывяла яе да рашэння звязаць сваё жыццё з культурай.
Пасля заканчэння школы, ужо маючы яснае бачанне будучыні, дзяўчына паступіла ў Гомельскі каледж мастацтваў. Пасля – размеркаванне на пасаду мастацкага кіраўніка ў вёску Бабунічы.
– Я сама выказала жаданне прыехаць менавіта ў гэты населены пункт, – прызнаецца Марына Аляксандраўна. – Прычынай стала сустрэча з хлопцам з Бабуніч. Мы ўжо на той час сустракаліся і планавалі будаваць сям’ю.
Прыезд у аграгарадок быў напоўнены не толькі прафесійным станаўленнем, але і асабістым шчасцем. Праз год Марына і Ігар стварылі сям’ю, мясцовая гаспадарка выдзеліла маладой пары дом.
– Пасля чатырох гадоў адпра-цоўкі мы з мужам прынялі рашэнне застацца ў Бабунічах. Тут у нас і нашых дзяцей ёсць усё неабходнае, каб жыць і развівацца, – працягвае суразмоўца.
Вось ужо дзесяць гадоў, як аграгарадок стаў для Марыны Некрашэвіч другім домам. Тут, у ціхай атмасферы, падрастаюць дзве яе дачушкі Паліна і Лізавета. Але жыццё жанчыны не абмяжоўваецца сямейнымі клопатамі. З верасня бягучага года Марына Аляксандраўна ўзяла на сябе адказную ролю загадчыка мясцовага дома культуры, і ўжо з першых слоў пра сваю працу адчуваецца: наколькі для яе важнай і значнай яна стала.
– Філіал “Бабуніцкі цэнтр культуры і вольнага часу” прадстаўляе магчымасць жыхарам займацца ў трох дарослых гуртках: народныя спевы, ансамбль “Івушкі” і танцавальны калектыў “Ассорти”, – з энтузіазмам распавядае загадчык. – Акрамя таго, дзейнічае дзіцячы вакальны гурток, і мы плануем адкрыць для дзяцей гурток прыкладнога мастацтва.
Марына Аляксандраўна пад-крэслівае, што поспех справы залежыць ад зладжанай працы ўсёй каманды: культарганізатара Людмілы Валянцейчык, акампа-ніятараў Таццяны Гавінскай і Надзеі Ярыга, бібліятэкара Наталлі Стральчэня. Не застаюцца ў баку агульных спраў і работнікі тэхнічнага персаналу. Каманда ў іх моцная і адказная.
– Мы павінны паказваць людзям, што ў нас ёсць цікавыя мерапрыемствы, што ва ўстанове культуры можна добра правесці час. Нават, проста прыйсці і пагуляць у настольны тэніс, – адзначае суразмоўца. – За апошні час у філіяле пры аншлагу прайшлі чатыры тэматычныя дыскатэкі, зусім нядаўна – вечар адпачынку. Мы ўпэўніліся: людзі хочуць адпачыць ад хатніх спраў і гаджэтаў.
Наша гераіня прыносіць на працу не толькі сваю энергію, ідэі і любоў да людзей. Прыцягвае яна да ўдзелу ў творчых праектах і сваіх родных.
Зусім нядаўна Некрашэвічы прадстаўлялі аграгарадок на конкурсе “Лепшая маладая сям’я Петрыкаўшчыны”. Яны змаглі паказаць, што сям’я – гэта сапраўдная каманда, якая жыве агульнай мэтай.
Размаўляючы з Марынай Некрашэвіч, я ўпэўнілася ў адным: калі чалавек сапраўды гарыць сваёй справай, ён здольны змяніць жыццё, нават цэлага населенага пункта. І, мяркуючы па тым, колькі энергіі і натхнення ў нашай гераіні, пра Бабуніцкую ўстанову культуры і вольнага часу мы яшчэ не раз пачуем!


Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

0 0 голоса
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные