Штогод 15 верасня ў нашай краіне адзначаецца Дзень бібліятэк. Дата свята выбрана не выпадкова: дзень заснавання галоўнага кнігасховішча краіны – Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Загадчык Капаткевіцкай гарпасялковай бібліятэкі Аксана Кузняцова называе працэс чытання віртуальным падарожжам. А як выглядае ў рэаліі праца мясцовага бібліятэкара?
Мы завіталі ў Капаткевіцкую гарпасялковую бібліятэку ДУК “Петрыкаўская сетка публічных бібліятэк”, каб пазнаёміцца з яе жыццём, поспехамі і людзьмі, дзякуючы якім тут заўсёды гучыць жывое слова.
Па словах Аксаны Валянцінаўны, 2024 год стаў для ўстановы годам значных абнаўленняў. У бібліятэцы адбыўся рамонт: заменена тэхнічнае абсталяванне, адрамантаваны будынак, набыта новая мэбля, пабудаваны санвузел. Дзякуючы гэтым зменам, тут стала яшчэ больш утульна, светла і прасторна. Сёння бібліятэка ўключае дарослы і дзіцячы абанемент, чытальную залу – адным словам,кожны знаходзіць тут сваё месца для працы і адпачынку.
– Капаткевіцкая бібліятэка зай-мае другое месца па колькасці абслугоўвання ў раёне. Тут налічваецца больш за 1500 чытачоў. Летам назіраецца асаблівы наплыў наведвальнікаў: у госці да родных і блізкіх у вёску прыязджае шмат дзяцей і дарослых, якія з задавальненнем становяцца чытачамі бібліятэкі, – адзначыла загадчык.
Установа супрацоўнічае са школай, дзіцячым садам і сацыяльным пансіянатам «Палессе». На базе бібліятэкі рэгулярна праходзяць мерапрыемствы, сустрэчы і літаратурныя вечары.
Асабліва прыемна бачыць на паліцах кнігі аўтараў-землякоў з Капаткевіч: зборнікі і альбомы вершаў Надзеі Якімавай, Надзеі Сігай і Наталлі Каліцькі. Гэта сапраўдны гонар і сведчанне багатага літаратурнага жыцця.
Кніжны фонд бібліятэкі пастаянна папаўняецца новай літаратурай. Як адзначыла бібліятэкар Алена Якаўлеўна,дарослыя чытачы найбольш ахвотна бяруць дэтэктывы, раманы і фантастыку, а дзеці – казкі. Акрамя асноўнай бібліятэкі, дзейнічаюць пункты выдачы кніг у Першай Слабодцы і Івашкавічах. У бібліятэцы працуюць чатыры чалавекі. Гэта дружны калектыў аднадумцаў, кожны з якіх мае вышэйшую спецыяльную адукацыю і вялікі вопыт працы. Усе яны прысвяцілі сваё жыццё бібліятэчнай справе. Гэта загадчык Аксана Кузняцова, бібліятэкары першай катэгорыі Алена Красоўская і Алена Ракіціна, бібліятэкар Тамара Сігай.
Мы прайшліся па залах бібліятэкі – утульнай, прыгожай, светлай. Сапраўды, гэта месца мае асаблівую атмасферу спакою. Тут хочацца затрымацца, узяць у рукі кнігу і пагрузіцца ў свет яе старонак.
Жадаем калектыву Капаткевіцкай гарпасялковай бібліятэкі моцнага здароўя, новых цікавых кніг, удзячных чытачоў і далейшага росквіту!
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.








Оставить комментарий