Заўтра адзначаецца дзень утварэння Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі. Успаміны пра камсамольскую маладосць жывуць у сэрцах многіх землякоў. Адна з такіх – жыхарка Петрыкава Таццяна Луцэнка.

– Гэта былі неверагодныя часы, напоўненыя энергіяй, энтузіязмам, магчымасцю і жаданнем праявіць сябе ў працы, вучобе, спорце, мастацкай самадзейнасці, – пачынае свой аповед Таццяна Вячаславаўна. – Я добра памятаю запальныя песні пад гітару, калектыўную працу, цікавыя паходы і сустрэчы. А сяброўства, якое зарадзілася ў тыя гады, многія захавалі на ўсё жыццё.
Школьныя гады гераіні аповеду праходзілі ў сценах першай гарадской школы Прызнаецца: удзельнічала амаль ва ўсіх школьных мерапрыемствах яшчэ будучы піянеркай. Але сапраўдная актыўнасць прыйшла з уступленнем у рады УЛКСМ. Менавіта ў той перыяд раскрыліся яе арганізатарскія магчымасці, з’явілася жаданне быць у гушчы падзей. У тыя часы, калі ў СШ № 1 у класах налічвалася па 43 чалавекі, у маладзёжную арганізацыю адбіралі лепшых.
– Усё было вельмі сур’ёзна: збіраўся камітэт камсамола, разглядалі тваю кандыдатуру, знаёмілі з уставам. Я і сёння памятаю, як старанна вучыла білеты і здавала іспыты. Быць прынятым у арганізацыю было вялікім гонарам не толькі для вучня, але і для яго сям’і, – адзначае суразмоўца. – Пасля ўрочны час быў запоўнены па максімуму: сходы, навядзенне парадку на тэрыторыі, дапамога ў касметычным рамонце класных пакояў, наведванне пажылых людзей – добрыя справы выконваліся намі без нагадвання. А чаго толькі была вартая праца ў Петрыкаўскім саўгасе па ўборцы бульбы і зборы яблыкаў! Такія сумесныя справы збліжалі членаў арганізацыі, вучылі адказнасці і пачуццю калектывізму.
На той час былая камсамолка ўзначальвала культмасавы сектар. Асабліва яркімі засталіся ў яе памяці наведванне “шэфскай” арганізацыі – калектыва суднабудаўнічага прадпрыемства. Камсамольцы хадзілі віншаваць работнікаў са святамі, ладзілі канцэртныя нумары. Усё гэта было часткай патрыятычнага выхавання, якое стаяла на вышыні.
1991 год увайшоў у гісторыю як час распаду Савецкага Саюза. Для многіх гэта быў перыяд нявызначанасці, страты арыенціраў. Наша гераіня пасля заканчэння школы, паступіла ў Рэчыцкі педагагічны каледж.Менавіта тады, на фоне глабальных перамен, пачаў губляцца ўплыў камсамола, што ў выніку прывяло да спынення яго дзейнасці.
– Камсамол быў для нас не проста маладзёжнай арганізацыяй. Для многіх, хто прайшоў праз яго шэрагі, гэта быў этап станаўлення асобы, – упэўнена Таццяна Вячаславаўна.
Зямлячка не хавае, што яе членства ў камсамоле наклала адбітак на далейшае грамадскае жыццё. Менавіта ў старэйшых класах у яе сфарміраваліся актыўная жыццёвая пазіцыя, перакананасць, што кожны павінен уносіць свой уклад у агульную справу. І сёння, працуючы настаўнікам у сярэдняй школе № 2 горада Петрыкава, педагог знаходзіцца ў гушчы падзей як жыцця ўстановы, так і раёна.
– Гісторыя не стаіць на месцы. Час патрабуе новых механізмаў для аб’яднання моладзі, для выхавання будучых грамадзян. І тут варта адзначыць дальнабачнасць нашага Прэзідэнта, які разумеў неабходнасць стварэння арганізацыі, здольнай пераняць лепшыя традыцыі камсамола і прыстасавацца да сучасных рэалій, – пазначае педагог. – У 2002 годзе, на змену камсамолу прыйшоў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Для падрастаючага пакалення, якое рыхтуецца да дарослага жыцця, такая арганізацыя з’яўляецца неабходнай. Яна дае магчымасць знайсці аднадумцаў, атрымаць падтрымку, навучыцца быць у калектыве.
Таццяна Луцэнка прызнаецца: яе вучні з цікавасцю слухаюць пра яе камсамольскае мінулае. І педагог на прыкладах з асабістага школьнага жыцця расказвае пра такія паняцці як адказнасць і дысцыпліна, пра тое, як важна мець мэту і імкнуцца да яе дасягнення.


Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

0 0 голоса
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные