У кастрычніку прыхільнікаў творчасці нашай мясцовай паэтэсы Любові Арловай чакала прыемная падзея – выйшаў у свет яе новы зборнік “И цветной становится душа”.
Творчасць Любові Арловай здольна закрануць самыя глыбінныя струны душы чытача. Мне не раз даводзілася быць удзельніцай прэзентацый зборнікаў аўтара, і кожны раз такія сустрэчы для прысутных былі напоўнены шчырымі эмоцыямі. Магнетызм асобы паэтэсы – у яе здольнасці выказваць свае думкі і пачуцці проста, без лішніх слоў, так, што яны становяцца блізкімі кожнаму.
«И цветной становится душа» прасякнуты думкай: не варта губляць аптымізму і веры ў жыццё. Любоў Мікалаеўна сваім словам дэманструе неверагодную ўнутраную сілу, прагу да жыцця, здольнасць бачыць незвычайнае вакол сябе.
Цікавым з’яўляецца структураванне матэрыялаў. Зборнік адкрывае цыкл вершаў “Из забытого блокнота”, які ўключае творы, напісаныя раней:
– Одно лишь для меня неоспоримо:
Всё счастье в том, – ты любишь и любима.
За капельку любви, за миг бесценный
Отдать готова все дары Вселенной!
Затым, у раздзеле “Тридцать лет спустя”, прадстаўлены вершы, створаныя ў апошнія гады:
– “У природы нет плохой погоды”…
Посмотри, как осень хороша!
“Бабьим летом” радует природа
И цветной становится душа!
Такое размяшчэнне дазваляе чытачу параўнаць адчуванні, думкі і погляды чалавека ў розныя перыяды жыцця.
Раздзел “Месяцеслов”, дзе сабраны вершы пра ўсе поры года, раскрывае Любоў Арлову як сапраўднага майстра слова. Яе здольнасць адчуваць “настрой” прыроды, – сведчанне глыбокай сувязі зямлячкі з навакольным светам.
Некалькі слоў пра раздзел “Кароткія апавяданні”. Напісаныя простай, жыццёвай мовай яны адлюстроўваюць рэальныя сітуацыі, з якімі сутыкаецца кожны з нас.
Запрашаем землякоў наведаць Петрыкаўскую цэнтральную бібліятэку, узяць зборнік у рукі і “пачуць” асаблівы голас Любові Арловай. Я ўпэўнена: такое баўленне часу стане для вас маленькім святам!
Падрыхтавала Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.





