Пытанні харчовай бяспекі, развіцця мясцовых брэндаў і эфектыўнага выкарыстання прыроднага патэнцыялу Петрыкаўшчыны заўсёды знаходзяцца ў полі зроку кіраўніцтва раёна. Менавіта таму чарговай кропкай працоўнага маршруту старшыні райвыканкама Яўгенія Шкробата стаў рыбгас “Трэмля”. Кіраўнік раёна дэталёва вывучыў увесь ланцужок працы прадпрыемства – ад першага кантакту з пакупніком на трасе да тэхналогіі вырошчвання і сартавання рыбы.

Гандлёвая кропка на трасе

Візіт пачаўся з маніторынгу гандлёвай кропкі рыбгаса, якая зручна размясцілася на ажыўленай аўтатрасе М10. Гэта месца добра вядома не толькі жыхарам раёна, але і шматлікім транзітным кіроўцам. Заўсёды свежая рыба і гарачая юшка – асартымент, здольны задаволіць любога гурмана.
Падчас наведвання гандлёвай кропкі Яўгеній Сяргеевіч звярнуў увагу на культуру абслугоўвання, запатрабаванасць прадукцыі і фінансавыя паказчыкі. Па інфармацыі намесніка дырэктара рыбгаса Міхаіла Трусевіча, сярэднямесячны тавараабарот гэтай кропкі складае каля 30 тысяч рублёў, а штодня тут рэалізуецца да 150 кілаграмаў свежай рыбы. Старшыня райвыканкама падкрэсліў: гандлёвая кропка на рэспубліканскай трасе – гэта твар прадпрыемства, таму тут павінны быць забяспечаны не толькі асартымент і належныя аб’ёмы, але і максімальны камфорт для пакупнікоў, і нязменна высокая якасць.

Месца, дзе нараджаецца ўлоў

Наступны прыпынак – непасрэдна вытворчыя плошчы, знакамітыя сажалкі “Трэмлі”. Маштабы воднай гаспадаркі ўражваюць. Варта адзначыць, што візіт кіраўніка раёна супаў з самым відовішчным і адказным момантам – непасрэдным адловам рыбы, таму ўвесь вытворчы ланцужок удалося пабачыць на свае вочы.
Так, прама ў вадзе, у высокіх гумавых касцюмах, зладжана і ўпэўнена працуюць мужчыны-рыбаводы. Цяжкі невад, які крок за крокам сцягваецца да берага, літаральна кішыць буйной, серабрыстай рыбай. Карпы, шчупакі і таўсталобікі іскрацца на асеннім сонцы, ствараючы сапраўдны фантан з пырскаў і эмоцый. Гэтая цяжкая мужчынская праца патрабуе не толькі фізічнай сілы, але і асаблівага майстэрства, бо кожны рух тут адточаны гадамі практыкі. Спачатку дзясяткі кілаграмаў рыбы апынаюцца ў спецыяльных каўшах, а адтуль, пасля ўзважвання, бліскучая жывая маса загружаецца ў спецыяльныя машыны і накіроўваецца далей.
Намеснік дырэктара распавёў пра лічбы вытворчых будняў рыбгаса. Так, Міхаіл Трусевіч адзначыў, што за адну толькі працоўную змену брыгада рыбаводаў ажыццяўляе адлоў і адпраўляе на сартаванне да 20 тон рыбы.
Міхаіл Анатольевіч азнаёміў кіраўніка раёна з тэхналагічным працэсам вырошчвання асноўных відаў рыбы – карпа, карася, шчупака, таўсталобіка, амура. Размова ішла пра тое, як арганізавана кармленне, якія сродкі былі выдаткаваны на закупку кармоў і якой чакаецца агульная вага пасля восеньскага аблаўлення. Калі мовай лічбаў, то агульная плошча сажалак, якія зараз знаходзяцца ў абароце, складае больш за 1300 гектараў, а сярэдняя прадукцыйнасць з аднаго гектара па першапачатковых разліках павінна скласці каля 5 цэнтнераў.
Старшыня райвыканкама цікавіўся кожнай дробяззю, бо менавіта ад тэхналогіі ўтрымання залежыць сабекошт фінальнага прадукту, а значыць – і прыбытак прадпрыемства.

Пульс сартавальнай станцыі

Ад сажалак рыба накіроўваецца на сартавальную станцыю. Менавіта сюды прывозяць увесь улоў, а размеркавальныя працэсы тут падпарадкаваны строгаму ўліку і парадку згодна з заяўкамі, якія фарміруюць маркетолагі. Самае актуальнае на сёння пытанне – забеспячэнне прадукцыяй восеньскіх кірмашоў. Прама падчас візіту фарміраваліся партыі жывой рыбы для адпраўкі спажыўцам у Гомель, Мазыр, Калінкавічы і, безумоўна, на кірмаш у родны Петрыкаў. На бліжэйшыя выхадныя рыбгас плануе паставіць на рэгіянальныя рынкі каля 4-х тон свежага ўлову.
Яўгеній Шкробат правёў жывую і шчырую размову з калектывам сартавальнай станцыі. Гаварылі пра ўмовы працы, узровень заработнай платы, якая па выніках апошняга месяца склала ў сярэднім 1700 рублёў, і пра тое, ці задаволены самі работнікі тым, як развіваецца іх «Трэмля». Кіраўнік раёна пераканаўся: людзі на сваіх месцах вопытныя, працаваць умеюць і гатовы выкладвацца на вынік.

Стратэгія і перспектывы: вярнуць і прымножыць славу

Галоўная выснова, якая прагучала падчас візіту: рыбгас “Трэмля” жыве, працуе і мае сур’ёзны патэнцыял. Раней прадпрыемства грымела сваімі вытворчымі рэкордамі на ўсю краіну, і гэтыя пазіцыі варта вяртаць.
Падчас абмеркавання перспектыў з кіраўніцтвам рыбгаса, Яўгеній Сяргеевіч паставіў выразную задачу: не змяншаць абароты і не саступаць канкурэнтам на рынку. У планах на бліжэйшы год – ачыстка сажалак, закупка спецыялізаванага транспарту пад транспарціроўку і наступную рэалізацыю жывой рыбы, адкрыццё сажалкі пад аматарскае рыбалоўства. Усё гэта дазволіць павялічыць аб’ёмы вытворчасці як мінімум на 120% і пашырыць геаграфію паставак.
– “Трэмля” павінна не проста заставацца на плаву, а ўпэўнена нарошчваць сваю прысутнасць на рыбным рынку рэгіёна і краіны. Для гэтага ёсць усё: прыродныя рэсурсы, матэрыяльная база і, галоўнае, працавіты калектыў. Наперадзе нас чакае вялікая праца, але і мэта таго вартая. Мы павінны вярнуць брэнду петрыкаўскай рыбы былую заслужаную славу, – рэзюмаваў кіраўнік раёна.


Галіна КАЗАК.
Фота аўтра.

0 0 голоса
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные