Напярэдадні Першага верасня так хочацца, каб кожнае дзіця ішло ў школу з усмешкай і верай у цуд. Менавіта таму самая цёплая дабрачынная акцыя «Збяром дзяцей у школу разам» штогод аб’ядноўвае неабыякавых людзей. Традыцыйна да яе актыўна далучылася грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз жанчын».
Жанчыны, як ніхто іншы, ведаюць, колькі клопатаў прыносіць падрыхтоўка да навучальнага года, асабліва калі гаворка ідзе пра шматдзетныя ці няпоўныя сем’і. Намаганнямі Гомельскай абласной арганізацыі для будучых першакласнікаў Петрыкаўшчыны былі набыты новенькія партфелі, цалкам укамплектаваныя неабходнай канцылярыяй.
Свой першы заплечнік атрымала будучая першакласніца Навасёлкаўскай сярэдняй школы Сафія Чычыкава. Дзяўчынка выхоўваецца ў сям’і, дзе маці адна гадуе траіх дзяцей, таму такая падтрымка аказалася вельмі своечасовай і дарэчнай.
Яшчэ адзін важкі і прыгожы падарунак адправіўся ў аграгарадок Грабаў. Новы партфель уручылі Дзмітрыю Грыгарэвічу. Дзіма падрастае ў вялікай і дружнай сям’і, дзе выхоўваюцца сямёра брацікаў і сястрычак (трое з якіх ужо школьнікі). Радасці і шчырай удзячнасці малых не было мяжы!

Падтрымка дзяцей — гэта наш супольны абавязак, бо чужых дзяцей не бывае. Няхай гэтыя партфелі, сабраныя з матчынай любоўю і клопатам, прынясуць нашым першакласнікам поспех! 






Оставить комментарий