Днямі старшыня райвыканкама Яўгеній Шкробат наведаў аб’ект меліярацыі паблізу вёскі Дарашэвічы. Менавіта тут зараз разгарнуліся маштабныя работы па рэканструкцыі меліярацыйных сістэм, якія праводзяцца ў рамках выканання пратакола даручэнняў Кіраўніка справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Юрыя Назарава.
Калі мы наведалі аб’ект, праца на дарашэвіцкіх каналах літаральна кіпела. На пляцоўцы на поўную магутнасць была задзейнічана спецыялізаваная тэхніка: экскаватар акуратна працягваў ачышчаць рэчышча канала ад шматгадовых донных адкладаў і заіленасці, вяртаючы артэрыям ранейшую глыбіню. Паралельна працавала і брыгада меліяратараў. Валерый Казловіч, Уладзіслаў Міцкевіч і Вадзім Церабавец, нягледзячы на дробны восеньскі дожджык, ажыццяўлялі расчыстку каналізацыйнага вузла і замену састарэлай водапрапускной трубы, якая рэгулюе ўзровень вільгаці на палях.
Адначасова на адвозе хмызняковай расліннасці і высечаных галін бесперапынна працаваў грузавы транспарт. Работнікі прадпрыемства меліярацыйных сістэм цалкам вызваляюць тэрыторыю ад дзікіх зараснікаў.
Дырэктар Петрыкаўскага ПМС Аляксей Крупіневіч падзяліўся падрабязнасцямі тэхналагічнага працэсу:
– На гэтым аб’екце мы працуем ужо амаль паўтара месяца. Праектам прадугледжаны сур’ёзны аб’ём культуртэхнічных работ: ад поўнай ачысткі каналаў да добраўпарадкавання разваротных пляцовак для буйнагабарытнай тэхнікі. Абноўленая сістэма атрымае другое жыццё і будзе працаваць універсальна: як на асушэнне глебы ў перыяд лішкаў вільгаці, так і на арашэнне падчас летняй засухі. Сродкі на рэканструкцыю выдзелены з абласнога бюджэту, і ў сярэдзіне снежня мы плануем цалкам здаць аб’ект. Вынікам нашай работы стануць 290 гектараў пахатных земляў, вернутых у севазварот ААТ “Агра-Ляскавічы”.

Работа, якую праводзіць на дарашэвіцкіх каналах Петрыкаўскае ПМС, цалкам сугучная з прынятым напярэдадні Кіраўніком дзяржавы законам аб змяненні заканадаўства па пытаннях меліярацыі зямель. Каменціруючы заканадаўчыя навацыі, старшыня райвыканкама Яўгеній Шкробат звярнуў увагу на галоўныя прававыя аспекты:
– Прыняты закон накіраваны на сур’ёзнае ўдасканаленне прававога рэгулявання ў гэтай сферы. Ён не проста ўдакладняе паняційны склад і тэрміналогію, але і ўводзіць цэлы шэраг прынцыпова важных патрабаванняў, якія датычацца канкрэтных тэрмінаў выканання работ, размеркавання паўнамоцтваў і павышэння адказнасці за стан зямельных рэсурсаў.
Так, ключавой навацыяй з’яўляецца вызначэнне канкрэтных тэрмінаў для ўключэння земляў у севазварот па завяршэнні меліярыйных мерапрыемстваў. Агульнае правіла: на працягу месяца з дня зацвярджэння акта прыёмкі аб’екта ў эксплуатацыю. Выключэнне – асенне-зімовы перыяд: калі аб’ект уводзіцца ў эксплуатацыю ў гэты час, землі павінны быць уведзены ў сельгас-абарот не пазней за май месяц наступнага года.
Яўгеній Сяргеевіч слушна заўважыў, што дзяржава ўкладвае грошы ў аднаўленне зямель, таму кожны гектар павінен працаваць на карысць эканомікі, гарантуючы трывалую кармавую базу для нашых сельгаспрадпрыемстваў.
Галоўны пасыл відавочны: запушчаныя плошчы павінны быць ліквідаваны, а кожны адваяваны ў хмызнякоў метр зямлі абавязаны вярнуцца ў паўнавартасны сева-зварот. Гаспадарскі падыход і строгі кантроль – гэта задача, якая сёння стаіць перад усімі службамі раёна.
Галіна КАЗАК, фота аўтара.





