Сфера дарожнай гаспадаркі і будаўніцтва лічыцца пераважна мужчынскай, але, як вядома, з любога правіла ёсць выключэнні. І часам гэтыя выключэнні ўпрыгожваюць прафесію не менш, чым самыя надзейныя мужчынскія рукі. Мы сустрэлі такую жанчыну, работніка ДРБУ-112 г. Петрыкава за працай у вёсцы Макарычы.
Пагадзіцеся, жанчына-дарожны рабочы ў цяперашні час даволі рэдкая з’ява. Але ў ДРБУ-112 чатыры прадстаўніцы слабага полу: Вольга Гаравая, Наталля Шарапава, Анастасія Кебец і гераіня нашага артыкула.
Таццяна Азёма ўжо больш за два дзесяцігоддзі працуе ў дарожнай службе.
Нарадзілася яна ў райцэнтры. Пасля заканчэння школы паступіла ў Жыткавіцкае вучылішча, дзе атрымала спецыяльнасць повара. Пасля – праца кухонным рабочым у арганізацыях горада. Аднак, праз некаторы час, зразумела: хочацца чагосьці іншага.
У 2004 годзе Таццяна Валянцінаўна ўладкавалася дарожным рабочым у Петрыкаўскае ДРБУ № 112 філіяла КПРУП “Гомельаблдарбуд”.
Расказваючы пра свае штодзённыя абавязкі, жанчына не шкадуе слоў:
– Нам з калегамі шмат што даводзіцца выконваць: ліквідацыя выбоін і пашкоджанняў на дарогах, замена дарожных знакаў, уборка тэрыторый, у зімовы перыяд – чыстка прыпынкаў ад снегу, пасыпка сумессю дарог, а ў летні перыяд – кашэнне травы і расчыстка зялёных насаджэнняў. Таксама ў кола абавязкаў уваходзіць добраўпарадкаванне прыпыначных пунктаў.
– Я прывыкла да такой, можна сказаць, нежаночай працы, – шчыра прызнаецца жанчына. – Спачатку было складана, а потым хутка ўцягнулася і прывыкла. – У нашай дзейнасці патрабуюцца працавітасць, цярпенне і добрасумленнасць. Без гэтага ніяк. Дарога не трывае абыякавасці.
Спецыфіка дарожнай службы патрабуе поўнай самааддачы. Але калі чалавек любіць сваю справу, цяжкасці адыходзяць на другі план.
– Мне падабаецца праца дарожніка, няхай часам у дождж, снег і спякоту. Калі едзеш па дарозе, якую нядаўна прыводзіла ў парадак, і бачыш, як роўна ляжыць асфальт, як акуратна пафарбаваны прыпынак, на душы становіцца светла. Гэта і ёсць мой унёсак у дабрабыт роднага краю. Калегі-мужчыны заўсёды падставяць плячо, дапамогуць з цяжкім інструментам ці падбадзёраць добрым словам. У нас няма падзелу на “жаночую” ці “мужчынскую” працу – ёсць агульная задача, якую трэба выканаць якасна і ў тэрмін. Адным словам, люблю наш дружны, згуртаваны калектыў, дзе мяне паважаюць і цэняць, і кіраўніцтва, якое заўсёды клапоціцца пра сваіх супрацоўнікаў, – дзеліцца суразмоўца.
Старанні Таццяны Валянцінаўны не застаюцца незаўважанымі. За добрасумленную працу дарожны рабочы неаднаразова была ўзнагароджана падзякамі і занесена на Дошку гонару арганізацыі.
Гераіня артыкула прызнаецца, што дома яе чакае ўтульнасць і разуменне блізкіх. Менавіта падтрымка сям’і дае стымул кожную раніцу апранаць спецадзенне і выходзіць на змену.
Гледзячы на гэтую сціплую, але моцную духам жанчыну, разумееш: зусім не важна, якую прафесію ты абраў. Важна тое, з якім сэрцам ты прыходзіш на працоўнае месца.
Марыя ТАМКО, фота аўтара.





