Сёння ў нашай краіне адзначаецца Дзень бацькі. У гэты святочны дзень нашы погляды накіраваны на моцную палову чалавецтва – мужчын, якія з гонарам нясуць гэтае званне і служаць сапраўдным прыкладам бацькоўства.

Нягледзячы на параўнальна малады ўзрост, Андрэй Андрук добра вядомы многім жыхарам Петрыкаўшчыны. І не толькі як адказны масцер-выратавальнік Петрыкаўскага РАНС, але і як руплівы, узорны сем’янін. Ён з тых, хто лічыць сваім абавязкам быць удзячным сынам, любячым мужам, надзейнаю апорай, настаўнікам і прыкладам для сваіх дзяцей. Таксама Андрэй разам з жонкай і дзецьмі актыўныя ўдзельнікі раённых конкурсаў, злётаў і мерапрыемстваў, – што робіць іх сімвалам дружнай сучаснай сям’і.

– Мы з Анастасіяй сваімі ўласнымі учынкамі, адносінамі да родных, актыўным ладам жыцця стараемся даць добры прыклад дзецям, – прызнаецца Андрэй у пачатку размовы.
Гісторыя кахання і стварэння гэтай прыгожай сям’і пачалася ў абласным цэнтры. Пасля заканчэння першай гарадской школы юнак паступіў у Гомельскі машынабудаўнічы тэхнікум. Менавіта там лёс звёў яго з будучай жонкай – фітнес-інструктарам, ўраджэнкай Петрыкава.
Суразмоўца з усмешкай згадвае тыя часы:

– Сам здзіўляюся: жылі, вучыліся ў адным горадзе, двары нашы знаходзіліся недалёка адзін ад аднаго – і ніколі раней у родным Петрыкаве не перасякаліся! Я б яе адразу заўважыў. Але лёс не ашукаеш!

Пачаліся сустрэчы. Герой аповеду прызнаецца: яго прыцягнула ў дзяўчыне не толькі знешняя прываблівасць, але і яе актыўнасць, гаспадарлівасць і, што самае галоўнае, супадзенне жыццёвых арыенціраў. Вернасць і сям’я для абодвух былі і застаюцца галоўнымі каштоўнасцямі.

Праз два гады маладыя людзі пажаніліся і прынялі важнае рашэнне – будаваць сваё сямейнае гняздо ў родным Петрыкаве.

– Заўсёды марыў пра вялікую сям’ю, – дзеліцца мужчына. – Так яно і выйшла, і мы з жонкай бязмежна шчаслівыя.

У сям’і Андрук падрастаюць трое цудоўных дзяцей. Давід і Агата – вучні гарадской гімназіі, меншы Платон наведвае дзіцячы садок. Бацька з цеплынёй расказвае пра сваіх нашчадкаў: усе яны вельмі актыўныя і творчыя. Спартыўныя секцыі, музычная школа, удзел у творчых конкурсах – гэта неад’емная частка іх жыцця.
Герой аповеду прызнаецца, што падыход да выхавання дзяцей з цягам часу крыху змяніўся:

– Калі падрос Давід, мы па максімуме загружалі яго вольны час: тэквандо, ігра на скрыпцы… А з нараджэннем Агаты трохі “астылі”. Цяпер лічым, што дзеці павінны самі выбіраць тое, што ім па душы. Так і адбываецца: дачка больш увагі надае танцам, а Платон, хоць яму няма яшчэ і трох гадоў, з вялікім задавальненнем удзельнічае ва ўсіх творчых мерапрыемствах у садку.

Бацька не хавае: для развіцця сваіх дзяцей яны з Анастасіяй не шкадуюць ні сродкаў, ні часу. Галоўнае – шчаслівыя вочы малых і іх поспехі.

– Для мяне важна, каб дачка і сыны мне давяралі, – дзеліцца сваімі думкамі Андрэй. – Каб яны прыходзілі да мяне, расказвалі пра свае школьныя справы, дзяліліся перажываннямі і бачылі ўва мне не толькі строгага бацьку, але і сапраўднага сябра.

На думку земляка, галоўная яго задача – на асабістым прыкладзе вучыць дзяцей агульначалавечым каштоўнасцям: павазе да старэйшых, любові да роднай зямлі і мэтанакіраванасці. Ён упэўнены, што менавіта гэтыя якасці дапамогуць дзецям у будучыні стаць годнымі людзьмі і знайсці сваё месца ў жыцці. І наш герой гатовы зрабіць усё неабходнае, каб падтрымаць сваіх дзяцей на гэтым шляху.
Андрэй Андрук раскрыў свой сакрэт сямейнага шчасця.

– Для бацькі няма нічога лепшага, чым бачыць самых родных людзей здаровымі і вясёлымі. Так цудоўна сабрацца ўсёй сям’ёй і адправіцца на рэчку або ў лес, наведаць гарадскі парк ці стадыён. Такія выхады – гэта заўсёды радасць і зарад станоўчых эмоцый для кожнага, – прызнаецца мужчына.

Гледзячы на сям’ю Андрук, разумееш: вось яно, простае сямейнае шчасце, якое будуецца на ўзаемаразуменні, падтрымцы і любові.

Святлана СОБАЛЕВА, фота Марыі ТАМКО.

0 0 голоса
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные