У раённым Доме культуры адбыўся раённы конкурс “Лепшая маладая сям’я Петрыкаўшчыны — 2026”.

У час мерапрыемства сваю гісторыю кахання і сямейнага шчасця расказалі тры цудоўныя пары: сям’я Яўгенія і Людмілы Лашчонавых, якія выхоўваюць маленькіх дачушак Алену і Алесю; Андрэя і Юліі Бараноўскіх разам з дачкой Алісай; Ігара і Марыны Некрашэвіч з дачушкамі Палінай і Лізаветай. Кожная сям’я – асобны свет, напоўнены любоўю, клопатам і сваімі непаўторнымі традыцыямі.

Першым выпрабаваннем стаў конкурс “Сям’я са знакам якасці” – візітная картка ўдзельнікаў. З цеплынёй і натхненнем бацькі – расказвалі пра сябе, пра сямейныя каштоўнасці, захапленні і традыцыі. Другі конкурс – творчы, стаў, бадай, самым кранальным. Ён выклікаў буру эмоцый як у журы, так і ў гледачоў. Менавіта тут сем’і змаглі паказаць сваю любоў, узаемападтрымку і сапраўдную згуртаванасць – без лішніх слоў, праз позіркі і шчырыя ўсмешкі. Конкурс – “Працоўная акцыя” прадэманстраваў актыўную грамадзянскую пазіцыю ўдзельнікаў. У відэасюжэтах сем’і прадставілі свае ініцыятывы і арганізаваныя акцыі па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на тэрыторыі сваіх населеных пунктаў.

Выбар журы быў вельмі складаным, без перабольшання, сем’і былі па-сапраўднаму годныя аказацца на п’едэстале. Вынікі конкурсу склаліся наступным чынам: трэцяе месца заняла сям’я Некрашэвіч, другое – Бараноўскіх, а пераможцамі стала сям’я Лашчонавых.

Усе ўдзельнікі атрымалі грашовыя прызы ад раённага выканаўчага камітэта, салодкія пачастункі ад Петрыкаўскага раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” і памятныя падарункі ад грамадскіх арганізацый “Белая Русь” і “Беларускі саюз жанчын”. Яркую атмасферу свята стваралі не толькі ўдзельнікі, але і артысты раённага Дома культуры.

Конкурс завяршыўся, але ў зале яшчэ доўга не сціхалі апладысменты і шчырыя віншаванні.

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

0 0 голоса
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные