Алмазная сцежка Пятра і Святланы Такун

0
34

Пражыць разам шэсцьдзесят гадоў – падзея, якая выклікае шчырае захапленне і павагу. Хочацца даведацца пра такіх людзей як мага больш, спазнаць іх жыццёвыя сакрэты і адчуць тую трывалую сувязь, якая злучае землякоў на працягу ўсяго жыцця. Менавіта з такой місіяй карэспандэнты “Петрыкаўскіх навін” адправіліся ў аграгарадок Бабунічы да сямейнай пары Святланы і Пятра Такун, якія не так даўно адзначылі алмазнае вяселле.

Пакліканне – настаўнік
Святлана Мікалаеўна нарадзілася ў вёсцы Клясаў. Яе дзяцінства не было лёгкім: маці выхоўвала дваіх дзяцей адна. Гераіня хутка зразумела: усяго трэба дабівацца ўласнай працай і стараннем. Вучылася дзяўчына з асаблівай руплівасцю, і вынікам стаў залаты медаль Навасёлкаўскай сярэдняй школы. Перад гераіняй паўстала няпростае пытанне: як ісці вучыцца далей, калі сям’я абмежавана ў сродках? У той час у школах востра не хапала настаўнікаў, і ў раённым аддзеле народнай адукацыі выпускніцы-выдатніцы прапанавалі працу ў Бабуніцкай школе. Адпрацаваўшы год і крыху стаўшы на ногі, яна зазумела: педагогіка – гэта яе. Маладая настаўніца паступіла ў Гомельскі педагагічны інстытут імя Чкалава на філалагічны факультэт.
Святлана Мікалаеўна з цеплынёй успамінае тыя часы. Бабуніцкая школа была базавай, але вёска разрасталася, і ўжо ў 1966 годзе адбыўся першы выпуск дзесятага класа. Жыццё ва ўстанове “бурліла” і настаўнік была ў самым эпіцэнтры гэтых падзей.
Яе ўрокі беларускай мовы і літаратуры, мерапрыемствы, што яна праводзіла былі напоўнены любоўю да роднага слова, цікавымі фактамі і наватарскімі падыходамі ведаю гэта не па чутках – самой пашчасціла быць яе вучаніцай.
Сапраўдным “дзецішчам” педагога стаў школьны тэатр. Пастаноўкі “Трыбунал”, “Паўлінка”, у якіх ра-зам з дзецьмі на сцэну выходзілі і настаўнікі, сталі сапраўднай падзеяй для вёскі. Суразмоўца не хавае: з мноства узнагарод, якія яна атрымоўвала за амаль 45 гадоў педагагічнй працы, Удзячнасць за гуртковую работу для яе самая дарагая.

Жыць клопатамі
роднага краю

Бабунічы для Пятра Такуна – яго малая радзіма. Ён рос адзіным дзіцям у сям’і і рана спазнаў горыч страты: бацька загінуў на фінскай вайне. Доля навучыла яго, як і яго жонку, з малых гадоў цаніць працу.
Адукацыю атрымліваў, калі ў Бабунічах была толькі сямігодка, таму атэстат сталасці ў 1956 годзе ўручылі герою ў Смятаніцкай сярэдняй школе. Пасля – працоўныя будні ў родным калгасе. Пётр Трафімавіч добра памятае свой першы “заробак: за амаль год цяжкай працы ён атрымаў 32 кілаграмы проса. Узваліўшы мяшок на плечы, хлопец прынёс яго дадому – гэта была хоць нейкая, але падтрымка для сям’і. Малады чалавек шукаў лепшай долі, спрабаваў сябе ў лясной галіне, працаваў на вытворчасці ў Салігорску і Мазыры. Але родныя мясціны клікалі назад. Калі яму прапанавалі пасаду сакратара ў Бабуніцкім сельскім Савеце – пагадзіўся. Менавіта тут раскрыўся яго талент знаходзіць агульную мову з людзьмі, чуць іх і дапамагаць у вырашэнні праблем.
Ініцыятыўнага і адказнага работніка заўважылі хутка. Спачатку была прапанова ўзначаліць рабочы камітэт калгаса “Запаветы Ільіча”, а ў 1969 годзе Пётр Трафімавіч стаў старшынёй Бабуніцкага сельскага Савета.
Рабоце ў Бабуніцкім сельскім савеце наш герой аддаў 15 гадоў працоўнага жыцця. Завочна закончыў Усесаюзны завочны юрыдычны інстытут па спецыяльнасці “Правазнаўства”. Сёння цяжка ўявіць той аб’ём нагрузкі, які клаўся на яго плечы. У часы дэфіцыту кадраў нашаму герою даводзілася сумяшчаць асноўную працу з абавязкамі сакратара парткома і інжынера па тэхніцы бяспекі ў калгасе. Праца з землякамі патрабавала вялікай вытрымкі: насельніцтва Бабуніч тады перавышала дзве тысячы чалавек. І хоць у яго біяграфіі мелася і пасада ў райкаме партыі, праца ў мясцовым Савеце заўсёды была для яго на асаблівым месцы.
Дзясяткі Удзячнасцей, ордэн “Знак пашаны” захоўваюцца дома ў Пятра Трафімавіча, як падцвярджэнне яго актыўнай грамадскай пазіцыі.

У кожнага часу свае песні
і месцы сустрэч

Гісторыя кахання герояў аповеду пачалася ў далёкім 1964 годзе. У спартыўнай зале Бабуніцкай школы ладзілася свята з нагоды Вялікага Кастрычніка. 18-гадовую настаўніцу, якая толькі пачынала свой прафесійны шлях, запрасіў на танец высокі, прыгожы мясцовы хлопец. Гэты момант стаў пачаткам вялікага і шчаслівага сумеснага шляху.
Праз два гады маладыя вырашылі пажаніцца. Усё было сціпла, але шчыра: распісаліся вечарам, адразу пасля работы, у Бабунічах, паклікаўшы ў сведкі мясцовую піянерважатую. Пасля таго, як Святлана Мікалаеўна прыехала з сесіі – маладыя згулялі вяселле.
Муж і жонка прызнаюцца: жыццё ў іх было насычаным. Будавалі дом, спачатку жонка, затым муж атрымлівалі вышэйшую адукацыю: гадавалі дзяцей. Каб забяспечыць сям’ю, трымалі вялікую гаспадарку і прысядзібны ўчастак.
Святлана Мікалаеўна з цеплынёй узгадвае падтрымку маці і свякрухі ў тыя часы: “Стараліся дапамагчы: адна цялушку падгадуе, другая з малым дзіцям пасядзіць”. Дзякуючы гэтай падтрымцы, маладая маці змагла выйсці на працу ўжо праз два месяцы пасля нараджэння першага сына.
Калі размова зайшла, пра тое: якімі якасцямі павінны валодаць муж і жонка, каб захаваць сям’ю, сямейная пара ўсміхаецца. “Мы нават пасварыцца не паспявалі – не было калі пра гэта думаць!”, – жартуюць яны.
Але калі сур’ёзна: на думку Пятра Трафімавіча, галоўнае – не хаваць сваіх думак, дзяліцца імі, давяраць адзін аднаму.
Святлана Мікалаеўна дадае: “Галоўнае ў сямейным жыцці –адчуванне, што твая другая палоўка з’яўляюцца апорай да канца дзён. Нашы адносны ніколі не будаваліся на гучных фразах, а ў штодзённых дробязях: у сумесным чаяванні, у клопаце пра здароўе адзін аднаго, у агульных успамінах, якія з кожным годам становяцца толькі даражэйшымі.

Дрэва моцнае карэннямі
Сёння ў сямейнай пары размеранае жыццё пенсіянераў, напоўненае адпаведнымі клопатамі. Галоўны іх скарб – тры сыны, якіх яны выхавалі годнымі людзьмі. Кожны з іх знайшоў сваё месца ў жыцці: старэйшы Валерый сёння ўзначальвае Капцэвіцкую сярэднюю школу, сярэдні Сяргей атрымаў сельскагаспадарчую адукацыю, аддаў 34 гады прафесійнага жыцця мясцовай гаспадарцы, малодшы сын Анатолій кандыдат навук, працуе і жыве ў сталіцы.
Пётр Трафімавіч і Святлана Мікалаеўна прызнаюцца: у іх душы заўсёды жыве ўпэўненасць, што дзеці іх не пакінуць, ім ёсць на каго спадзявацца. Каб так было – яны раяць маладым сем’ям выхоўваць дзяцей на спрадвечных беларускіх каштоўнасцях. Род Такуноў мае годны працяг: у герояў пяць унукаў і ўнучка, якія з’яўляюцца іх вялікай радасцю.
Нягледзячы на паважаны ўзрост, мае героі не сядзяць склаўшы рукі. У доме заўсёды ёсць клопаты: нядаўна правялі электраацяпленне, перакрылі дах сучаснымі матэрыяламі. Не адмовіліся яшчэ і ад агарода – у іх склепе можна знайсці закруткі на любы густ. Пётр Трафімавіч у вольны час слухае навіны – былы кіраўнік мясцовага самакіравання лічыць абавязковым быць у курсе жыцця краіны. У Святланы Мікалаеўны ёсць свая аддушына. “Ведаеце, раней не было часу для чытання, – дзеліцца жанчына. – А зараз я адкрыла гэты свет для сябе”.
Варта дадаць, што Святлана Мікалаеўна ўсё жыццё захоўвала ў душы паэтычны дар. І нядаўна родныя зрабілі ёй цудоўны сюрпрыз: выдалі зборнік яе вершаў. Так што ў шэрагах паэтаў Петрыкаўшчыны – папаўненне!
Мы пакідалі Бабунічы з нейкім асаблівым пачуццём светлай радасці. Прыклад Пятра і Святланы Такун – гэта ўрок для ўсіх нас. Урок таго, што шчасце – гэта не нешта недасяжнае, а вынік што-дзённай працы душы, цярпення і бязмежнай павагі адзін да аднаго.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

5 1 голос
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные