Сёння ў нашай краіне адзначаецца асаблівае свята, якое ўвасабляе пяшчоту, прыгажосць і сапраўдную ахвярную і адданую любоў – Дзень маці . У гэты дзень мы гаворым пра тых, хто дае жыццё, вучыць любіць і быць чалавекам, хто трымае на сваіх плячах цяпло сямейнага ачага.

Выбар гераіні артыкула невыпадковы. Анастасія Каюкала – прыклад сапраўднай жаноцкасці і руплівасці, добрай гаспадыні, любячай жонкі і клапатлівай маці. Наша суразмоўца – маці шасцярых дзяцей! Толькі ўявіце сабе гэты свет, поўны дзіцячых галасоў, смеху, клопатаў і радасці.
– Быць маці шасцярых – вялікая праца, але для мяне гэта, перш за ўсё, бязмежнае шчасце, – прызнаецца ў пачатку нашай размовы жанчына.
Анастасія Уладзіміраўна нарадзілася ва Украіне, але калі дзяўчынцы было шэсць гадоў, бацькі прынялі рашэнне вярнуцца на сваю малую радзіму – Петрыкаўшчыну. У сям’і расло чацвёра дзяцей і Анастасія была самай старэйшай. Жанчына ўспамінае, што з малых гадоў ёй даводзілася быць надзейнай памочніцай маці ва ўсім: і за меншымі братам і сёстрамі прыгледзець, і ежу прыгатаваць, і парадак у доме наводзіць. Ужо падлеткам зямлячцы даводзілася дапамагаць матулі і бабулі на ферме ў Ляскавічах, дзе абедзве працавалі даяркамі.
– У нашай сям’і адсутнічалі словы “не магу”, “не хачу”, “не ўмею”, – дзеліцца суразмоўца. – З дзяцінства мы стараліся навучыцца ўсяму неабходнаму. Гэты жыццёвы дэвіз, заснаваны на працавітасці і адказнасці, я прымяняю сёння і ў дачыненні да ўжо сваіх дзяцей.
Пасля заканчэння школы пачаўся самастойны працоўны шлях дзяўчыны. Анастасія добра малявала і выдатна валодала навыкамі працы на камп’ютары. Гэтыя ўменні спатрэбіліся ёй у працы афарміцеля і сакратара ў арганізацыях раёна.
Але галоўны перыяд у жыцці кожнай жанчыны – гэта каханне і сям’я. Дваццаць пяць гадоў таму Анастасія пазнаёмілася з Сяргеем, хлопцам з Петрыкава. Менавіта з гэтага моманту пачалася шчаслівая старонка яе жаночага жыцця. Іх каханне паступова ператваралася ў больш глыбокае, надзейнае пачуццё, якое ўжо не баялася ніякіх жыццёвых абставін. Самым важным і трывалым фундаментам іх саюза сталі дзеці, якія ўносілі новыя фарбы, энергію і безумоўную радасць. Дом напаўняўся дзіцячым смехам, гоманам, пахучай выпечкай і адчуваннем жывога цяпла.
Сёння Анастасія і Сяргей Каюкалы з гонарам і радасцю носяць званне бацькоў шасцярых дзяцей. Іх вялікая і дружная сям’я – гэта прыклад сапраўднага ўзаемаразумення, дзе працавітасць, любоў і падтрымка стаяць на першым месцы.
Муж і жонка, а таксама старэйшы сын Сяргей працуюць у СУП “Палессе-Аграінвест”. Бацька сямейства – у будаўнічай брыга-дзе, а маці са старэйшым сынам занятыя ў жывёлагадоўлі. Сын Святаслаў – студэнт медыцынскага ўніверсітэта – маці і бацька па праве ганарацца яго паспяховым стартам у дарослае жыццё. Кірыл, Эвеліна і Дамініка вучацца ў гарадской гімназіі, а малодшы Яраслаў пакуль яшчэ наведвае дзіцячы сад. Цікавы факт – імёны для дзяцей выбіраў бацька – жонка проста падтрымала яго выбар. Шматдзетная маці адкрыта прызнаецца: нягледзячы на цяжкасці, калі яна даведвалася, што зноў стане маці, пытанне аб тым, ці нараджаць дзіця, нават не стаяла. Кожнае новае жыццё яны з мужам успрымалі як цуд і найвялікшы падарунак лёсу.
Вядома, выхоўваць шасцярых – справа няпростая, але жанчына ніколі не застаецца адна.
– Мой Сяргей – гэта мая апора ў жыцці, – з цяплом у голасе гаварыць яна. – Ён верны сябар і надзейны памочнік. Дзеці таксама не адстаюць. У кожнага з іх ёсць свае абавязкі па доме. Разам мы – адна каманда! Заўсёды дапаможам адзін аднаму, усе справы робім разам.
Нават у вельмі напружаным працоўным графіку маці заўсёды знаходзіць час для самага галоўнага. Абавязковы пункт яе дня – праверка выканання дамашніх заданняў і шчырая размова з дзецьмі пра тое, як прайшоў дзень. Дарослыя робяць усё для таго, каб кожны з іх са школьных гадоў развіваўся, улічваюць іх інтарэсы, падтрымліваюць у любых пачынаннях.
Шмат радасці і непадробных эмоцый прыносяць выхадныя дні, калі вялікая сям’я збіраецца разам на цэлы дзень. Утульны дом напаўняецца смехам, гаворкай і непаўторнымі пахамі. А галоўная чараўніца тут – Анастасія Уладзіміраўна, якая цудоўна гатуе. У такія гадзіны каля яе “кружацца” шчаслівыя дзеці. Яе выпечка і прысмакі – гэта тое, перад чым немагчыма ўстаяць.
Калі гаварыць пра адпачынак, то ў сям’і Каюкала ён выключна актыўны. Іх стыхія – лес. Але гэта зусім не абавязкова збор ягад і грыбоў. Асаблівае месца займае рыбалка, на якую… “падсадзіла” сям’ю менавіта гаспадыня дома!
На сваё пытанне: як зямлячка усё паспявае, я знайшла адказ пасля гутаркі з ёю. Сакрэт крыецца ў яе невычэрпнай энергетыцы і яе ўменні правільна планаваць дзень. Анастасія Уладзіміраўна цудоўна спраўляецца як па дому, так і на кухні, і за рулём аўтамабіля, і на працы. Прытом бачыць яе заўсёды прыемна: у выдатным настроі, акуратную, падфарбаваную, стыльную.
– Што робіць чалавека па-сапраўднаму шчаслівым? Напэўна, уменне цаніць тое, што маеш, – працягвае дзяліцца думкамі жанчына. – Трэба ўмець радавацца кожнаму дню, кожнаму поспеху сваіх дзяцей, кожнаму імгненню праведзенаму з сям’ёй.
Муж і жонка ва ўсім падтрым-ліваюць адзін адного і жывуць не толькі сённяшнім днём, а думаюць пра будучыню сваіх дзяцей. Сваю першую двухпакаёвую кватэру яны пабудавалі, калі ў сям’і было двое дзяцей. Прызнаюцца: жыллё прыгатавана ў дапамогу дзецям у іх дарослым жыцці. Скарыстаўшыся мацярынскім капіталам, сям’я пабудавала вялікую трохпакаёвую кватэру, дзе кожнаму хапае месца і цяпла.
У 2021 годзе наша зямлячка была ўдастоена высокай узнагароды – Ордэна Маці. Прызнаючыся ў сваіх пачуццях, яна гаворыць, што гэтая заслуга для яе – найперш ацэнка яе як жанчыны і маці. Гэта вялікі гонар для ўсёй сям’і Каюкала, якая з’яўляецца прыкладам таго, як трэба жыць, любіць, працаваць.
Гэтымі днямі ў сям’і Каюкала будзе па-асабліваму шумна, весела. Сёння гаспадыню Дома родныя віншуюць з Днём маці, а заўтра з 45-гадовым юбілеем. Дом напоўніцца абдымкамі, шчырымі ўсмешкамі і самымі цёплымі словамі падзякі.
Мы далучаемся да віншаванняў, паважанная Анастасія Уладзі-міраўна!
Жаночага вам шчасця – такога ж шчырага і глыбокага, як ваша любячае сэрца. Дзякуй за ваша бязмежнае цяпло, ласку і тыя крылы, якія вы даеце сваім дзецям!


Святлана СОБАЛЕВА,
фота Марыі ТАМКО.

0 0 голоса
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные