Палескі магніт адукацыйнага турызму

0
109

Кастрычнік у Беларусі аб’яўлены месяцам адукацыйнага турызму. Гэта маштабная ініцыятыва скіравана на тое, каб кожны беларус, ад школьніка да чалавека сталага ўзросту, змог на свае вочы пабачыць і асэнсаваць багацце роднага краю.
Сапраўднай жамчужынай і ўнікальнай адукацыйнай пляцоўкай Палесся з’яўляецца Нацыянальны парк “Прыпяцкі”. Днямі мы сустрэліся з генеральным дырэктарам прыродаахоўнай установы Юрыем Апановічам, каб паразважаць пра турыстычны патэнцыял нашага раёна.

– Сёння турызм упэўнена становіцца драйверам развіцця рэгіёнаў, пра што пастаянна гаворыць Кіраўнік дзяржавы. Наша задача – навучыцца бачыць і цаніць унікальнасць сваёй зямлі. А паглядзець і, галоўнае, даведацца ў “Прыпяцкім” сапраўды ёсць пра што. Дзякуючы разнастайнасці навучальных і пазнавальных маршрутаў, кожны куток нашай запаведнай тэрыторыі працуе як жывая старонка падручніка па гісторыі ці біялогіі, – пазначыў напачатку сустрэчы Юрый Аляксандравіч.
Сапраўды, навуковы і экскур-сійны патэнцыял парка пастаянна расце, распрацоўваюцца новыя праграмы і маршруты.

Для тых, хто жадае паглыбіць веды па краязнаўстве, нацпарк прапануе цэлы комплекс гісторыка-культурных аб’ектаў. Так, гісторыка-этнаграфічны комплекс “Музей пад адкрытым небам” – гэта не проста экспазіцыя, а захапляльнае падарожжа ў побыт нашых продкаў. Тлумачэнні экскурсаводаў дазваляюць па-новаму зірнуць на традыцыйныя палескія рамёствы ад ткацтва да бортніцтва. Нават калі вы ведаеце, як выглядае чаўнок ці кадка, тут вам раскрыюць сакрэты іх стварэння і сакральны сэнс палескіх арнаментаў.
Асобныя залы археалогіі і гісторыі літаральна па крупінках аднаўляюць велічную мінуўшчыну.
– “Прыпяцкі” – гэта ідэальная навуковая лабараторыя для школьнікаў, студэнтаў і ўсіх, хто цікавіцца прыродай. Сучасны “Музей прыроды” дае магутную тэарэтычную базу, а вось сафары-парк становіцца пляцоўкай для практычных назіранняў. Пабачыць дзікіх жывёл у іх прыродным асяроддзі абывацельскім вокам – гэта адно, а вось зразумець законы суіснавання відаў дзякуючы прафесійнаму суправаджэнню – зусім іншы ўзровень ведаў, – дадаў у працяг размовы гендырэктар “Прыпяцкага”.

Асаблівым “эксклюзівам” кастрычніка Юрый Аляксандравіч лічыць экскурсіі ў журавінавыя заказнікі. Балота, якое многім здаецца небяспечным ці аднастайным, па меркаванні суразмоўцы, менавіта зараз раскрываецца ўважліваму турысту ва ўсёй красе. Чырвоныя россыпы каштоўнай ягады, унікальная балотная флора і фауна – гэта каштоўны ўрок батанікі і экалогіі, які немагчыма атрымаць па падручніках.
Прыемна адзначыць, што “Прыпяцкі” даўно заваяваў сэрцы не толькі беларусаў – геаграфія турыстаў штогод пашыраецца. Сёння нацпарк выклікае велізарную цікавасць і на міжнароднай арэне.

– Распрацоўваючы новыя экскурсійныя маршруты, мы арыентуемся на самага патрабавальнага турыста, – падкрэсліў генеральны дырэктар ДПУ “Нацыянальны парк “Прыпяцкі” Юрый Апановіч. – З пачатку года наш парк прыняў каля 700 замежных гасцей з розных куткоў свету. А сапраўдным адкрыццём верасня сталі турысты з Паднябеснай (на фота). Госці з Кітая былі шчыра зачараваны першароднай палескай прыродай, самабытнай культурай і нашай гасціннасцю. Гэта сведчыць аб тым, што наш турыстычны прадукт канкурэнтаздольны на сусветным узроўні. І самае галоўнае: госці з Паднябеснай абяцалі вярнуцца.
Генеральны дырэктар нацпарка ўпэўнены: восень – найлепшы час для няспешнага і карыснага адпачынку.
– Месяц адукацыйнага турызму – выдатная нагода наведаць наш запаведны край. Мы запрашаем усіх сумясціць адпачынак на прыродзе з атрыманнем унікальных ведаў. Нашы спецыялісты падрыхтавалі насычаныя экскурсійныя праграмы, якія будуць цікавыя і дзецям, і дарослым. Гэтыя маршруты чакаюць менавіта вас! – дадаў у завяршэнні размовы Юрый Аляксандравіч.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

5 1 голос
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные