На Петрыкаўшчыне стартавала кампанія па вакцынацыі супраць грыпу.
Пра тое, як арганізаваны працэс, чаму не варта баяцца прышчэпак і каму яны жыццёва неабходныя, мы пагаварылі з намеснікам галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва раёна УЗ «Петрыкаўская ЦРБ» Ільёй Абелем.

– Ілья Сяргеевіч, восень традыцыйна лічыцца сезонам прастуд. Ці сапраўды вакцынацыя – гэта надзейны спосаб абараніцца?
– Безумоўна. Восень – цудоўная пара, але менавіта ў гэты час актывізуюцца вірусы. Вакцынацыя – гэта самы эфектыўны і даказаны спосаб пазбегнуць цяжкіх ускладненняў грыпу.

– Адзін з самых устойлівых міфаў – у вакцыне знаходзіцца жывы вірус, таму пасля прышчэпкі можна захварэць на грып. Ці так гэта?
– Гэта памылковае меркаванне. Захварэць на грып ад самой вакцыны немагчыма. Калі пасля прышчэпкі чалавек адчувае недамаганне, гэта часцей за ўсё кароткачасовая рэакцыя імуннай сістэмы: можа падняцца тэмпература, з’явіцца слабасць ці боль у месцы ўколу. Гэта не грып, а натуральны працэс фарміравання абароны вашага арганізма.

– Каму ў першую чаргу важна зрабіць прышчэпку?
– Дзецям ва ўзросце ад 6 месяцаў да 3 гадоў, катэгорыі насельніцтва, якая больш рызыкуе захварэць, чым іншыя: медработнікам, педагогам, супрацоўнікам гандлю і транспарту. Да груп рызыкі адносяцца пажылыя людзі і людзі, якія пражываюць ва ўстановах з кругласутачным рэжымам знаходжання, дзеці старэйшага ўзросту і дарослыя з хранічнымі захворваннямі. У іх любое інфекцыйнае захворванне можа справакаваць абвастрэнне, а ў некаторых выпадках – стаць прычынай шпіталізацыі.

– Як арганізаваны працэс вакцынацыі ў нашым раёне?
– Усё максімальна проста. Вакцынавацца можна ў паліклініцы Петрыкаўскай ЦРБ пры адсутнасці супрацьпаказанняў непасрэдна ў дзень звароту. Спецыяліст правядзе агляд: вымерае тэмпературу, ціск, агледзіць горла. Калі супрацьпаказанняў няма, вас накіруюць у працэдурны кабінет. Акрамя таго, для зручнасці жыхароў працуюць выязныя брыгады. Медыкі наведваюць прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы адукацыі раёна, каб работнікі маглі атрымаць абарону ад інфекцый без адрыву ад вытворчасці.

– Якая вакцына выкарыстоўваецца?
– Што датычыцца прэпарата, то сёлета мы выкарыстоўваем вакцыну “Грыпол плюс”, якая прапануецца на бязвыплатнай аснове. Гэта сучасны і добра зарэкамендаваны сродак, які ўтрымлівае актуальныя штамы вірусаў грыпу. Вакцына бяспечная, добра пераносіцца і дапамагае арганізму выпрацаваць устойлівы імунітэт.

Памятайце, вірусы не ведаюць ні адпачынку, ні выхадных. Вакцынуйцеся і будзьце здаровыя!
Марыя ТАМКО.




