З Алай і Сяргеем Мазуркевічамі мы дамовіліся сустрэцца ў гарадскім парку. Назіраючы, як муж з жонкай нетаропка ідуць па алеі, любуючыся рознакаляровай лістотай, міжволі прыходзіць думка: “Якая прыгожая пара.” Апошняе восеньскае сонца асвятляе твар жанчыны, падкрэсліваючы яе прыгажосць, а мужчына далікатна трымае сваю спадарожніцу пад руку. Яны пра нешта гавораць, смяюцца, і ў гэтым моманце столькі гармоніі, што немагчыма адвесці вачэй.

Іх гісторыя пачалася ў далёкім 1982 годзе ў сталічным індустрыяльна-педагагічным тэхнікуме. Менавіта туды прыехалі атрымліваць прафесію майстра вытворчага навучання юнак з Петрыкава і дзяўчына з-пад Мінска. Пазнаёміліся, пачалі сустракацца. Жыццё было напоўненае яркімі падзеямі: вучоба, студэнцкія будні, актыўная грамадская дзейнасць. Сяргей бліскаў у агітбрыгадах і мастацкіх пастаноўках, Ала была больш прыхільніцай спорту. У тыя далёкія студэнцкія гады яны зразумелі: у іх шмат агульнага, а галоўнае – жаданне ісці па жыцці разам.
На апошнім курсе маладыя людзі распісаліся – хацелася атрымаць размеркаванне ў адно месца. Першым працоўным прыпынкам стала Гомельскае вучылішча імя Галавача: ён – майстар, яна – выхавальнік. Аднак мужчына прызнаецца: перспектыў атрымаць уласнае жыллё ў горадзе над Сожам не было. У той час на яго малой радзіме пачаў дзейнічаць машынабудаўнічы завод “Авангард”, дзе яму прапанавалі пасаду інжынера і перспектыву атрымання жылля.
У 1986 годзе маладая пара прыехала на Петрыкаўшчыну. Сяргей Уладзіміравіч уладкаваўся майстрам на “Авангард”, а Ала Іванаўна рыхтавалася да важнай падзеі – стаць маці. Спачатку маладыя жылі ў бабуліным доме. Праз час ім прапанавалі выбар – атрымаць кватэру ці ўчастак пад будаўніцтва, яны выбралі другое.
Чатыры гады напружанай працы – і ўласны дом быў гатовы. У пары падрасталі дачка і сын, якія напоўнілі сямейнае жыццё новым сэнсам.

Муж і жонка прызнаюцца: у сямейным жыцці ў кожнага з іх была свая роля.
– Калі быць шчырым, то выхаваннем дзяцей больш займалася Ала, – дзеліцца мужчына. – Па вытворчай неабходнасці я часта затрымліваўся на працы і астаўляў жонку без дапамогі. Але яна з усім заўсёды спраўлялася і стварала такі ўтульны ачаг, што мне хацелася як мага хутчэй апынуцца побач з ёю і дзецьмі.
Ала Іванаўна дадае:
– Хоць бытавыя клопаты і ляжалі больш на маіх плячах, дысцыпліна і парадак у сям’і – гэта заўсёды была прэрагатыва мужа. З першага дня замужжа я за Сяргеем як за каменнай сцяной.
Пражыўшы больш за сорак гадоў, пара ўпэўнена: галоўныя складнікі іх саюза – увага, клопат і ўменне знаходзіць кампраміс. Сваіх дзяцей яны выхоўвалі ў любові, імкнучыся прывіць ім самыя важныя якасці, якія тым спатрэбяцца ў жыцці.
Адбыліся мае героі і ў прафесіі. Ала Іванаўна пасля дэкрэтнага адпачынку прысвяціла сябе нашым маленькім землякам: амаль сорак гадоў адпрацавала выхавальнікам у дзіцячым садку № 7 Петрыкава. Герой аповеду пасля закрыцця завода знайшоў сябе ў камунальнай службе раёна, дзе дваццаць шэсць гадоў адпрацаваў начальнікам участка. Абое – сапраўдныя прафе-сіяналы, прыклад працавітасці і адданасці сваёй справе.
Кажуць, што час – рэсурс абмежаваны. Але землякі сваім прыкладам даказваюць: калі ў сэрцы жыве цікавасць да справы – можна паспець усё.
Сяргей Мазуркевіч – чалавек з тэхнічнай адукацыяй, звыклы да дакладнасці і парадку. Аднак за гэтай сур’ёзнасцю хаваецца творчая натура. У вольны час ён – заўзяты рыбалоў, які ўмее цаніць цішыню і спакой прыроды. Таксама мужчына ўдзельнік тэатральнага калектыву “Крэатыў” раённага Дома культуры. Прыхільнікі тэатральнага мастацтва Петрыкаўшчыны добра ведаюць: гэты чалавек валодае здольнасцю лёгка пераўвасабляцца. Яму падуладная любая роля – ад камічнага персанажа да глыбокага драматычнага героя.
Тэатральнае мастацтва стала для Мазуркевічаў агульным захапленнем. Сяргей Уладзіміравіч настолькі натхніўся сцэнай, што “заразіў” ёю і жонку. Вось ужо чатыры гады яна член калектыву “Крэатыў”, радуе гледачоў сваёй ігрой і артыстызмам. Але і гэтага жанчыне аказалася мала: яна з’яўляецца ўдзельніцай мясцовага харавога калектыву.
Размаўляючы з сямейнай парай, немагчыма не адчуць тую неверагодную лёгкасць і спакой, якія зыходзяць ад іх. За іх плячыма вялікі шлях: яны годна выхавалі дзяцей, якія сталі паспяховымі людзьмі. Дачка працуе дэфектолагам у Петрыкаўскай спецыяльнай школе-інтэрнат, а сын узначальвае райветстанцыю. Радасць бабулі і дзядулі памнажаюць трое ўнукаў, якія падрастаюць і радуюць іх сваёй прысутнасцю ў выхадныя дні і школьныя канікулы.
– Галоўнае ў жыцці не ў гучных словах, а ў тым, каб быць побач з роднымі, быць ім надзейнай апорай, – выказаў у завяршэнні нашай сустрэчы глава сям’і.
І з гэтым не паспрачаешся. Гледзячы на мужа з жонкай, разумееш: сапраўднае шчасце будуецца па цаглінцы, як і той дом, у якім ужо шмат гадоў жыве шчаслівая сям’я .
Сёння жыццё для Сяргея і Алы Мазуркевічаў напоўнена яркімі, рознакаляровымі фарбамі. І гэта не выпадковасць – яны самі выбралі гэтыя колеры, напоўніўшы кожны свой дзень сэнсам, любоўю і нязгаснай цікавасцю да свету.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.




