Калектыў аматарскай творчасці “Крэатыў” падрыхтаваў творчы падарунак землякам – на сцэне раённага Дома культуры была прадстаўлена п’еса-камедыя «Любви все возрасты…».

Назва п’есы гаворыць сама за сябе. Гісторыя, якую распавялі ўдзельнікі “Крэатыву”, кранула сэрцы гледачоў. Артысты яшчэ раз даказалі простую, але важную ісціну: для сапраўдных пачуццяў не існуе ніякіх узроставых межаў. Вечар ператварыўся ў сапраўдны калейдаскоп эмоцый, дзе кожная рэпліка і кожны паварот сюжэту сустракаліся шчырымі апладысментамі.
Жыхары Петрыкаўшчыны ў чарговы раз пацвердзілі сваю цікавасць да мясцовага тэатральнага мастацтва, не шкадуючы далоняў для падтрымкі артыстаў.
А на сцэну ў той вечар выходзілі артысты, якіх мы ведаем і любім: Сяргей Мазуркевіч – Петрыкаўскі райжылкамгас, Антон Кошкін – ААТ “Беларуськалій”, Таццяна Луцэнка і Ганна Чмакіна ­– сярэдняя школа № 2 г. Петрыкава, Ала Мазуркевіч – ветэран педагагічнай працы.
Кіраўніком і пастаноўшчыкам спектакля выступіла Алена Туравец. Менавіта дзякуючы яе намаганням, творчаму бачанню і ўменню аб’яднаць вакол сябе аднадумцаў, камедыя атрымалася такой жывой, дынамічнай і кранальнай.
Ад першай асобы


Сяргей МАЗУРКЕВІЧ, удзельнік народнага калектыву “Крэатыў”:

– Хоць я ўжо адзінаццаць гадоў выходжу да гледачоў – кожны раз думаю, як усё пройдзе. Здавалася б, за такі час можна было б прывыкнуць, але артыст заўсёды адчувае нейкае ўнутранае трымценне. Гэта не страх, гэта адказнасць. Ты разумееш, што за кулісамі застаюцца ўсе твае асабістыя клопаты, а на сцэне ты павінен быць іншым – тым, хто дорыць эмоцыі.
Але як толькі адкрываецца занавес, усё змяняецца. Калі бачыш знаёмых людзей у зале, бачыш усмешкі на тварах нашых паважаных землякоў, хваляванне саступае месца вялікаму жаданню падарыць ім свята. Мы хочам паказаць ім, што культура ў нашым раёне жыве, што мы ганарымся сваімі каранямі і сваімі людзьмі.


Іраіда РУДЗЬКО, жыхарка Петрыкава:
– Пераканалася ў чарговы раз: таленты жывуць побач з намі. Не абавязкова ехаць у сталіцу, каб дакрануцца да мастацтва – нашы артысты ўмеюць ствараць сапраўдны тэатральны настрой Для мяне такога роду мерапрыемствы – гэта не толькі захапленне, але і частка выхавання. Я лічу вельмі важным прывіваць любоў да культуры з маленства, таму ўжо даўно бяру з сабой на культурныя падзеі сваю дванаццацігадовую ўнучку. Ведаю: атрыманыя ўражанні застануцца з ёй на ўсё жыццё, фарміруючы яе густ і светапогляд.
Дзякуй артыстам за падараванае свята! Мы ўжо чакаем новых сустрэч.


Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

0 0 голоса
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные