Бываюць супадзенні, якія інакш як лёсавызначальнымі не назваць. Сёння, напярэдадні Дня настаўніка, свой 82-і дзень нараджэння адзначае Людміла Фёдараўна Петухова. Чалавек, які нарадзіўся пад знакам гэтай высакароднай прафесіі, без малога 40 гадоў аддаў настаўніцтву, а замест “адпачынку на пенсіі” яшчэ два дзесяцігоддзі ўзначальваў раённую арганізацыю Чырвонага Крыжа. Гісторыя пра дзіўныя знакі лёсу, беспамылковы вадзіцельскі стаж і ген міласэрнасці, які перадаўся па спадчыне – у нашым матэрыяле.

Спадчына міласэрнасці і ваеннае дзяцінства

Жыццёвы шлях нашай гераіні пачаўся ў трывожным 1944 годзе. У сям’і транспартніка і медыцынскай сястры ваеннага часу маленькая Людміла была цэнтрам сусвету – адзінае дзіця, адзіная і вельмі любімая ўнучка для бабулі і дзядулі. Менавіта тады быў закладзены яе асабісты код дапамогі бліжняму: маці гераіні ратавала жыцці ў бальніцы, скончыўшы курсы Чырвонага Крыжа. Хто б мог падумаць, што праз дзесяцігоддзі гэты знак стане лёсавызначальным і для самой Людмілы Фёдараўны.
Дзяцінства і маладосць нашай гераіні прайшлі ў Кургане, а пасля ў буйным прамысловым горадзе Чалябінску. У школьныя гады дзяўчына сур’ёзна захаплялася турызмам: з заплечнікам за плячыма пакарала Уральскія горы і выконвала краязнаўчыя заданні для мясцовага музея. Менавіта ў гэтых паходах нарадзілася яе вялікая любоў да мінуўшчыны. Яна марыла стаць гісторыкам, але ў прыёмнай камісіі жанчыны па-мацярынску адгаварылі: “Ну куды ты пойдзеш на гісторыка? Гадзін у школах мала, ідзі лепш на філолага!”. Людміла Фёдараўна паслухалася – і ні разу ў жыцці не пашкадавала. Філалогія стала яе прызваннем.

Прырасла каранямі да Петрыкаўшчыны

У жыцці часам здараюцца складаныя сюжэты. Маладая жанчына прыехала на Петрыкаўшчыну за мужам-ваеннаслужачым. Каханне мінула, сумесныя дарогі разбегліся, і муж вярнуўся ў Расію. А Людміла Фёдараўна засталася. Яна палюбіла гэты маляўнічы беларускі край, прарасла тут каранямі і звязала з ім свой лёс назаўжды.
Сапраўднае сямейнае шчасце і творчую гармонію яна знайшла ў другім шлюбе з Уладзімірам Аляксандравічам Петуховым. Яе муж працаваў у музычнай школе і быў чалавекам надзвычай таленавітым, чулым і творчым. Лёс Людмілы Фёдараўны не быў простым: ёй давялося перажыць вельмі цяжкія страты – любімы муж рана пайшоў з жыцця, як рана і заўчасна пайшоў з жыцця і яе старэйшы сын Вадзім. Гэты боль назаўжды застаўся ў сэрцы маці, але не зламаў яе, а зрабіў яшчэ больш чулай да чужой бяды.
Яе педагагічны шлях пачынаўся сціпла – з маленькай вясковай Макарыцкай базавай школы, дзе малады педагог сумяшчала працу піянерважатай і выкладала рускую мову ў адным класе. Наступнай прыступкай стаў райкам камсамола і пасада загадчыка школьным аддзелам. Пасля была першая гарадская школа і пасада намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. Наступная прыступка прафесійнага шляху – дзесяць гадоў кіраўніцтва спецвучылішчам, праца са складанымі падлеткавымі лёсамі, дзе патрабаваўся сапраўдны талент псіхолага. Пасля яна зноў вярнулася ў родную першую школу, але ўжо на пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, дзе навучала метадычным прамудрасцям маладых калег, стаўшы настаўнікам для настаўнікаў.


Калі пасеянае дабро вяртаецца стократна

Калі прыйшоў час ісці на заслужаны адпачынак, Людміла Фёдараўна знайшла сябе ў грамадскай працы, якой аддала 20 гадоў жыцця, узначаліўшы раённую арганізацыю Чырвонага Крыжа. Вось тут і раскрыўся той самы матулін ген міласэрнасці.
Гэтыя гады яна згадвае з асаблівай цеплынёй: менавіта тут напоўніцу спрацаваў яе педагагічны капітал. Складана было знайсці ў раёне калектыў, дзе б лідара Чырвонага Крыжа не сустакалі знаёмыя вочы. Яе былыя вучні выраслі, занялі кіраўнічыя пасады і сталі для сваёй настаўніцы надзейнымі памочнікамі ў справе дабрачыннасці. Бачачы вакол сябе знаёмыя твары землякоў, Людміла Фёдараўна разумела: “Усё змагу, усё атрымаецца!”. Як прызнаецца сама гераіня, усё тое добрае і маштабнае, што ўдалося зрабіць, стала магчымым дзякуючы шчодрасці, чуласці і спагадлівасці жыхароў Петрыкаўшчыны.

Жанчына за рулём і ўспаміны, якія грэюць душу

Людміла Фёдараўна – надзвычай актыўная, сучасная і энергічная жанчына. Цікавы факт, які дакладна здзівіць многіх: яна мае вадзіцельскі стаж больш за 50 гадоў і практычна да 75-гадовага ўзросту актыўна і ўпэўнена вадзіла аўтамабіль! Прычым за паўвека за рулём у яе не было ніводнага парушэння правілаў дарожнага руху. На сваёй машыне яна паспявала ўсюды: і на любімую дачу, і па ўсім раёне – да сваіх шматлікіх падапечных, якім патрабавалася дапамога Чырвонага Крыжа.
Сёння галоўным гонарам і радасцю Людмілы Фёдараўны з’яўляюцца сям’я яе дачкі Таццяны. Старэйшы ўнук сёлета паспяхова скончыў Пражскі ўніверсітэт, а малодшая ўнучка, творчая дзяўчына, зараз вучыцца ў дзясятым класе.
Дачка Таццяна з любоўю і клопатам кліча матулю да сябе ў Гомель. Людміла Фёдараўна разумее: так дачцэ было б спакайней, бо родныя былі б побач. Аднак сэрца гераіні трывала трымаецца за петрыкаўскую зямлю: “Я адчуваю ў сабе сілы жыць пакуль тут. У Петрыкаве ўсё роднае, блізкае, знаёмае за шэсцьдзесят гадоў – суседзі, былыя калегі, людзі, з якімі прыемна сустрэцца нават проста вачыма, пагаварыць”.
Сёння яе жыццё напоўнена прыгожай і заслужанай няспешнасцю. Утульны спальны мікрараён стаў выдатным месцам для спакойных будняў. Зноў з’явіўся час на любімыя кнігі, часам – на адпачынак каля тэлевізара, чаго раней пры каласальнай занятасці проста не магла сабе дазваляць. А яшчэ Людміла Фёдараўна вельмі любіць прагулкі па парку, скверы і да нашай прыгажуні-Прыпяці. Усё ідзе сваёй чаргой, усё добра, а душу грэюць светлыя ўспаміны пра пройдзены шлях.
З двайным святам!
Сустракаючы свой 82-і дзень нараджэння і Дзень настаўніка, які стаў яе лёсам, Людміла Фёдараўна Петухова па-ранейшаму застаецца для ўсяго нашага раёна прыкладам таго, як трэба любіць жыццё, людзей і сваю справу.
Калектыў рэдакцыі газеты сардэчна віншуе Вас, Людміла Фёдараўна, з гэтай прыгожай двайной датай! Жадаем Вам моцнага здароўя, душэўнага спакою, бадзёрасці духу і доўгіх гадоў жыцця ў акружэнні любові блізкіх і павагі землякоў. Дзякуй за Ваша вялікае сэрца, за сотні выхаваных вучняў і за тое дабро, якім Вы шчодра дзяліліся з кожным з нас!


Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

0 0 голоса
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные