З 25 па 31 кастрычніка ў краіне праходзіць рэспубліканская прафілактычная акцыя “Час стаць прыкметным!”. У асенне-зімовы перыяд, калі светлавы дзень значна скарачаецца, а надвор’е пагаршаецца з-за дажджоў і туманаў, бяспека пешаходаў становіцца асабліва актуальнай.
Днямі карэспандэнт “Петрыкаўскіх навін” разам з супрацоўнікамі аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі выехала ў рэйд па вуліцах райцэнтра. Галоўная мэта мерапрыемства – праверыць, ці клапоцяцца мясцовыя жыхары пра тое, каб быць заўважнымі для кіроўцаў.
Падчас прафілактычнага рэйду супрацоўнікі АДАІ нагадвалі пешаходам правілы бяспечных паводзін і настойліва рэкамендавалі выкарыстоўваць святлоадбівальнікі. Тым землякам, у якіх неабходных элементаў з сабой не аказалася, вартаўнікі дарожнага парадку ўручылі флікеры, якія дапамогуць пазбегнуць бяды ў цёмны час сутак.
Дзяржаўтаінспекцыя нагадвае:
у цемры кіроўца здольны заўважыць пешахода ў цёмным адзенні на адлегласці ўсяго 20–30 метраў.
Пры гэтым наяўнасць святлоадбівальных дэталей павялічвае дыстанцыю бачнасці да 130-150 метраў, а пры ўключаным далёкім святле фар — аж да 400 метраў.
Гэта дае кіроўцу неабходны час, каб своечасова зрэагаваць і спыніць транспартны сродак.
Святлоадбівальны элемент – гэта не проста аксесуар, а сапраўдны ахоўнік вашага жыцця і здароўя на дарозе. Таму абавязкова варта паклапаціцца пра яго наяўнасць на верхнім адзенні, сумках і заплечніках.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.




