У межах Адзінага дня інфармавання старшыня Петрыкаўскага райвыканкама Яўгеній Шкробат наведаў ДУ «Капаткевіцкі сацыяльны пансіянат “Палессе”, дзе сустрэўся з працоўным калектывам установы.
Галоўнай тэмай дыялогу сталі традыцыйныя каштоўнасці беларусаў: сям’я, грамадства і дзяржава.
Выбар месца для сустрэчы быў невыпадковым. Праца калектыву пансіяната “Палессе” штодня перасякаецца з пытаннямі, якія вынесены на парадак дня Адзінага дня інфармавання. Для многіх пажылых людзей і інвалідаў, якія знаходзяцца пад апекай установы, супрацоўнікі пансіяната сталі сапраўднай сям’ёй, а пансіянат – домам, дзе пануюць клопат, разуменне і падтрымка.
Напачатку сустрэчы кіраўнік раёна падкрэсліў, што ў нашай краіне сацыяльная абарона насельніцтва з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі.
– Сям’я – гэта падмурак, на якім будуецца моцнае грамадства і квітнеючая дзяржава, — адзначыў прадстаўнік улады.
Перад прысутнымі выступіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Петрыкаўскага райвыканкама Святлана Блінец. Галоўны ідэолаг раёна надала ўвагу праграмам па ўмацаванні інстытута сям’і, падтрымцы маладых і шматдзетных сем’яў, развіцці сацыяльнай інфраструктуры.
Сустрэча прайшла ў фармаце адкрытага дыялогу. Прысутныя мелі магчымасць задаць хвалюючыя пытанні кіраўніку раёна, членам інфармацыйна-прапагандысцкай групы.
Таксама кіраўнік раёна пазнаёміўся з ходам рамонтных работ ва ўстанове.




















