
Заўтра ў нашай краіне адзначаецца прафесійнае свята – Дзень работнікаў культуры. Гэта асаблівы дзень, калі мы віншуем усіх, хто сваім талентам, працай і адданасцю захоўвае і развівае культурную спадчыну Беларусі. З гэтай нагоды мы сустрэліся з загадчыкам філіяла “Навасёлкаўскі сельскі дом культуры” Аленай Дударэнка, якая сёлета была ўзнагароджана Ганаровай граматай Петрыкаўскага раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую і добрасумленную працу.
Сельскі дом культуры – гэта сэрца і душа вёскі. Сюды людзі прыходзяць адпачыць, зарадзіцца энергіяй. Нездарма за клубамі замацавалася вызначэнне ”ачаг культуры”. Вядома, ачаг бу-дзе гарэць і цешыць, калі яго падтрымліваюць натхненнем, цеплынёй сваіх сэрцаў творчыя людзі, прафесіяналы.
Больш за два дзясяткі гадоў Алена Дударэнка прысвяціла сябе сферы культуры, а праца ў сельскім клубе ўжо стала для яе неад’емнай часткай жыцця. З ранняга дзяцінства гераіня аповеду займалася ў драматычным гуртку, любіла танчыць, чытала вершы. Толькі вось пасля заканчэння школы жыццё не адразу звязала з мастацтвам. Але пра ўсё па парадку.
Родам жанчына з Прыбалтыкі. Але кожнае лета на канікулы дзяўчына прыязджала да бабулі на Петрыкаўшчыну. У 1970 годзе пасля заканчэння школы пераехала на радзіму маці – у Беларусь. На новым месцы жыхарства Алена выйшла замуж і атрымала прафесію бібліятэкара. Некаторы час працавала ў бібліятэцы ў вёсцы Філіпавічы Навасёлкаўскага сельскага Савета, аднак потым перавучылася на заатэхніка і працавала ў мясцовай сельскай гаспадарцы. Але любоў да мастацтва, якая жыла ў сэрцы з дзяцінства, заставалася з ёй увесь час. І вось аднойчы паступіла прапанова стаць загадчыкам Навасёлкаўскага дома культуры. Доўга не разважаючы, Алена Паўлаўна пагадзілася – і не пашкадавала ні разу. Усё прыходзілася асвойваць з азоў: вучылася быць кіраўніком, займалася дакументацыяй і справаздачнасцю, імкнулася зрабіць культурнае жыццё населенага пункта цікавым і разнастайным. Сумненняў у тым, што атрымаецца і ці здолее ў гераіні артыкула ніколі не было.
За дваццаць гадоў працы на рахунку Алены Паўлаўны сотні канцэртаў, святочных вечароў і спектакляў. У доме культуры арганізаваны вакальныя, тэатральныя, творчыя гурткі як для дарослых, так і для дзяцей, дзейнічае фальклорны калектыў ”Вячорніцы”. Сапраўднае шчасце для загадчыка, калі ва ўтульным будынку збіраюцца аднавяскоўцы: адны – каб прыняць удзел у мерапрыемствах, іншыя – запоўніць залу для гледачоў.
– Часта пасля школы заходзяць і дзеткі, таму што ведаюць, што ў доме культуры я радая кожнаму. Мы з імі і памалюем, і паспяваем, і танец прыдумаем, проста так без справы яны не сядзяць, – дзеліцца гераіня і дадае: – Раней у нас быў вялікі калектыў, 18 чалавек. Сёння ў нашым філіяле працуюць 8 чалавек, але мы працягваем трымаць планку.
Нягледзячы на ўсе цяжкасці лёсу, Алена Паўлаўна застаецца прыкладам стойкасці і аптымізму. У 49 гадоў жанчына страціла мужа і засталася адна. Але яна не апускае рук і і знаходзіць радасць у кожным новым дні. Яе падтрымка – гэта сын Анатолій, дачка Наталля, унукі і, вядома ж, родны калектыў.
У сваё прафесійнае свята Алена Паўлаўна жадае калегам самага галоўнага: моцнага здароўя, невычэрпнага аптымізму і жыццёвай энергіі. Са святам, паважаныя работнікі культуры!
Марыя ТАМКО, фота аўтара.




