Напярэдадні прафесійнага свята – Дня работнікаў фармацэўтычнай і мікрабіялагічнай прамысловасці мы завіталі ў аптэку №95/1 Гомельскага РУП “Фармацыя”, якая размешчана ў Петрыкаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, каб пазнаёміцца з загадчыкам – Верай Перарэжка.

Вера Мікіцічна прысвяціла фармацыі больш за дваццаць пяць гадоў прафесійнага жыцця, і кожны дзень яе працы напоўнены клопатам пра здароўе людзей.
Гераіня артыкула родам з вёскі Макарычы. У старэйшых класах першай гарадской школы дзяўчына ўжо цвёрда ведала, што хоча звязаць сваё жыццё з медыцынай. Выбар паміж фармацыяй і іншымі медыцынскімі спецыяльнасцямі быў не простым. Не апошнім аргументам на карысць аптэчнай справы стаў прафесійны шлях сясцёр. Дзве старэйшыя сястры гераіні таксама мелі дачыненне да медыцыны. Марыя стала медыцынскай сястрой, а Валянціна пайшла ў фармацыю і зараз займае пасаду загадчыка аптэкі №96 Гомельскага РУП “Фармацыя” ў пасёлку Капцэвічы. Гэты сямейны прыклад, безумоўна, натхніў і Веру і пасля школы яна накіравалася ў Магілёўскае медыцынскае вучылішча, каб атрымаць прафесію.
Скончыўшы навучальную ўстанову, спецыяліст атрымала сваё першае працоўнае месца фармацэўта ў Маладзечне. Праз тры гады гераіня артыкула вярнулася на малую радзіму, у Петрыкаў, дзе пачала працаваць у прыватнай аптэцы, а пазней – у аптэцы № 130 Гомельскага РУП “Фармацыя” ў аграгарадку Ляскавічы. Менавіта на малой радзіме Вера Мікіцічна сустрэла будучага мужа Аляксандра, з якім пабудавала моцную і дружную сям’ю. З 2014 года, гераіня артыкула працуе ў аптэцы №95/1, а з 2019 года – загадчыкам.
Праца загадчыка аптэкі – гэта не толькі прафесійныя веды, але і вялікая адказнасць. Вера Мікіцічна адзначае, што яе абавязкі ўключаюць у сябе забеспячэнне аптэкі неабходнымі лекавымі сродкамі, кантроль за якасцю тавараў, а таксама стварэнне спрыяльнай атмасферы для наведвальнікаў.
– Наша дзейнасць патрабуе ўважлівасці да дэталяў, арганізаванасці і ўмення знаходзіць агульную мову з людзьмі, – дзеліцца медык. Яна шчыра прызнаецца, што праца фармацэўта ёй вельмі падабаецца.
– Самае галоўнае ў нашай прафесіі – гэта давер людзей. Землякі ідуць не толькі па лекі, але і за парадай. Я заўсёды кажу сваім калегам, што добрае слова таксама лечыць. Часам яно дапамаге нават больш, чым самыя моцныя лекі.
Нягледзячы на стомленасць, назапашаную за ўвесь працоўны дзень, дадому трэба вярнуцца з добрым настроем, бо дома чакае сям’я. Вера Мікіцічна – шчаслівая шматдзетная матуля і любячая жонка. Сёння, у самае пяшчотнае і добрае свята – Дзень маці, гераіня артыкула прымае віншаванні ад сыноў Мікіты, Івана, Рамана і Сцяпана.
– У сям’і таксама бываюць моманты, калі патрэбна мая дапамога – захварэла горла або пачалася прастуда, палегчыць сімптомы, збіць тэмпературу… Таму на большасць выпадкаў усе неабходныя лекі ў мяне дома ёсць, – дзеліцца фармацэўт. Я адчуваю важнасць сваёй прафесіі і дома, і на працы.
Напрыканцы сустрэчы Вера Мікіцічна пажадала калегам моцнага здароўя і радасці ў кожным дні:
– Поспехаў у прафесіі і няхай у жыцці заўсёды будзе дакладны рэцэпт шчасця і дабрабыту!


Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

0 0 голоса
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные