Гомельшчына адкрывае новыя гарызонты ў Кітаі

Дэлегацыя Гомельскай вобласці на чале з губернатарам Іванам Крупко здзейсніла маштабны рабочы візіт у Кітайскую Народную Рэспубліку. Галоўны вынік паездкі ў правінцыю Цзілінь – падпісанне буйнога міжрэгіянальнага пагаднення, запуск новых кааперацыйных праектаў і пашырэнне рынкаў збыту для нашых тавараў.

За апошнія пяць гадоў тавараабарот Гомельшчыны з Паднябеснай вырас больш чым у 2,5 разы, і гэты візіт акрэсліў новы этап эканамічнага збліжэння.
Асноўным пунктам праграмы стаў горад Чанчунь – магутны прамысловы і навуковы цэнтр Кітая. Беларуская дэлегацыя падрабязна вывучыла перадавы вопыт паспяховай работы на сусветным рынку, наведаўшы найбуйнейшую аўтамабільную карпарацыю FAW, якая славіцца сваімі робатызаванымі зборачнымі цэхамі і высокатэхналагічнымі электрасамазваламі. Гэтыя тэхналогіі будучыні выклікалі вялікую зацікаўленасць у нашых прамыслоўцаў, бо ўкараненне падобных элементаў аўтаматызацыі на прадпрыемствах Гомельшчыны здольна істотна павысіць канкурэнтаздольнасць айчыннай прадукцыі.
Свой эканамічны, інвестыцыйны і турыстычны патэнцыял Гомельская вобласць разгарнула падчас спецыялізаванага бізнес-форуму. Кіраўнік рэгіёна Іван Крупко прэзентаваў кітайскім партнёрам магчымасці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Беларусі, зрабіўшы акцэнт на тым, што нашы вытворцы гатовы прапанаваць высакаякасныя прадукты харчавання, прадукцыю дрэваапрацоўкі, сучасную сельгастэхніку і мінеральныя ўгнаенні. Да слова, ужо каля двух дзясяткаў харчовых прадпрыемстваў вобласці маюць афіцыйную акрэдытацыю для паставак у КНР, і попыт на экалагічна чыстую беларускую малочную і мясную прадукцыю сярод кітайскіх спажыўцоў толькі расце.
Вынікам перамоў стала падпісанне гістарычнага Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Іванам Крупко і губернатарам правінцыі Цзілінь Ху Юйцінам. Гэты дакумент адкрывае прамую дарогу для маштабных сумесных інвестыцый у аграпрамысловы комплекс, навуку і адукацыю.
Прыемна адзначыць, што канкрэтныя крокі пачаліся адразу на месцы: так, холдынг “Гомсельмаш” прапанаваў кітайскім калегам стварыць сумесныя канструктарскія распрацоўкі для выпуску тэхнікі новага пакалення. Акрамя таго, кітайскі бізнес выказаў гатоўнасць інвеставаць у “зялёную” энергетыку і паліўную прамысловасць Гомельшчыны.
Наступная сустрэча, ужо для падпісання канкрэтных камерцыйных кантрактаў, адбудзецца ў маі 2027 года на Гомельскім эканамічным форуме, куды афіцыйна запрошаны дзелавыя колы правінцыі Цзілінь.

Галіна КАЗАК.
Фота з тэлеграм-канала
“Гомельшчына афіцыйна”.

0 0 голоса
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные