Тэма азелянення актуальная і надзённая для кожнага куточка райцэнтра і, мабыць, любога населенага пункта раёна. І ўсё таму, што зялёныя насаджэнні ачышчаюць паветра, цешаць вока, узнімаюць настрой, дораць у спёку прахалоду… Так, мяркуецца, што высаджаныя дрэўцы выконваюць не толькі практычную, але і эстэтычную місію. Усё гэта працуе пры ўмове належнага догляду за саджанцамі, што кожную вясну і восень з’яўляюцца на вуліцах, у парках і дварах шматпавярховак райцэнтра. Аднак часам даводзіцца назіраць наступную карціну: дрэвы-самасеі адстойваюць сваю тэрыторыю і права на адзінаасобаснае ўладанне. Як прыклад – зялёная зона каля інтэрната па вуліцы Каралёва. Побач з роўным радком пасаджаных дрэўцаў рашуча пра свае правы заявілі таполі-самасеі і ўжо не з прыгожай алеяй маем справу, а з хаатычнымі насаджэннямі, якія ў хуткім часе зялёную зону ператвораць у зараснік. А маладзенькую тую з параднага боку будынка таполя ўвогуле “праглынула” – толькі ўважліва прыгледзеўшыся, можна заўважыць яе ў “моцных абдымках“ рашучага самасея. Вось і атрымліваецца, што ў некаторых месцах райцэнтра азеляненне – працэс даволі стыхійны, не заўсёды і мэтазгодны. Калі ўжо высаджаны дрэўцы, то нагляд, як то паліў, абрэзка, абкоска і барацьба з хмызняковай расліннасцю павінны забяспечвацца. У адваротным выпадку – навошта ўсе намаганні?
В.МІКАЛАЕВА.
Фота аўтара.
Оставить комментарий