З 29 верасня Петрыкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей запрашае жыхароў і гасцей горада на адкрыццё персанальнай выставы жывапісу таленавітага мастака Гомельшчыны Сяргея Сінякова.
Гэтая экспазіцыя – сапраўднае падарожжа ў свет творчых пошукаў аўтара, дзе кожнае палатно адлюстроўвае шматграннасць яго таленту. Наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з разнастайнай тэматыкай работ: ад велічных гістарычных сюжэтаў і кранальных пейзажаў прыроды Гомельшчыны да вытанчаных нацюрмортаў і глыбокіх псіхалагічных партрэтаў.

У сучасным мастацтве існуе мноства стыляў і эксперыментальных напрамкаў, аднак Сяргей Сінякоў застаецца верным класічным традыцыям. Ён аддае перавагу рэалізму, які дазваляе найбольш шчыра і праўдзіва перадаць прыгажосць навакольнага свету. Яго работы кранаюць сваёй цеплынёй, шчырасцю і той асаблівай энергетыкай, якую можа перадаць толькі сапраўдны майстар.

Запрашаем усіх аматараў прыгожага дакрануцца да творчасці Сяргея Сінякова!
Гэта выдатная магчымасць правесці час з карысцю, атрымаць асалоду ад атмасферы натхнення і паглядзець на свет вачыма мастака, які ўмее бачыць цуды ў звычайных рэчах.
Марыя ТАМКО, фота аўтара.






Оставить комментарий